Маладафронтаўцаў хочуць забраць у войска
30 сьнежня а 7 раніцы да Паўла Кур'яновіча заявіліся міліцыянты, якія пад пагрозаю гвалту адвезьлі яго ў РАЎС, дзе папярэдзілі аб адміністрацыйнай адказнасьці па артыкуле 23.34 у выпадку арганізацыі акцыі ў навагоднюю ноч. Пасьля міліцыянты прывезьлі юнака ў ваенкамат.
"У ваенкамаце на медкамісіі мне сказалі, што па нейкіх адноўленых дадзеных мая адтэрміноўка да 2013 года па вучобе можа быць скасавана. Аднак, я маю некаторыя праблемы з сэрцам, таму мяне напачатку накіравалі да кардыёляга, а ўжо пасьля пытаньне з маёй прыдатнасьцю да службы ў войску будзе вырашацца канчаткова", - распавёў Павал Кур'яновіч.
Учора ў ваенкамат выклікалі і маладафронтаўца Зьмітра Хведарука.*Нягледзячы на тое, што юнак навучаецца ў каледжы, супрацоўнікі ваенкамата прыгразілі пазбавіць яго адтэрміноўкі на падставе таго, што Зьміцер паступаў у каледж у верасьні, а таму самастойна, бяз позвы ваенкамата, павінен быў прынесьці даведку аб навучаньні да 7 верасьня, а ня ў сьнежні.
Нагадаем, войска пагражае і 18-гадоваму Івану Шылу, які ня здолеў паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову з-за незаконнага выключэньня са школы перад апошнім выпускным іспытам.