Партыя свабоды і прагрэсу зноў спрабуе зарэгістравацца
Аргкамітэт па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу прадоўжыць спробы прайсці афіцыйную рэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі. Пра гэта 23 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў старшыня аргкамітэта Уладзімір Навасяд.
"У красавіку 2009 года мы маем намер правесці чацвёрты ўстаноўчы з'езд, — паведаміў ён. — Пакуль жа мы для міністэрства існуем у статусе аргкамітэта. Па сутнасці, партыя знаходзіцца ў грамадзянскім шлюбе, хаця хацела б жыць у законе".
Зарэгістраваная ў Чэхіі арганізацыя "Малады фронт" таксама мае намер прадоўжыць спробы зарэгістравацца ў Беларусі.
"Рэгістрацыя Мінюстам руху "За Свабоду" — адно з найбольш значных дасягненняў дыялогу ўлады з Еўрасаюзам, — зазначыў лідэр "Маладога фронту" Дзмітрый Дашкевіч. — Але будзем памятаць, што за 10 гадоў зарэгістраваныя палітычныя партыі так і не змаглі дамагчыся дэмакратызацыі грамадства".
Паводле яго слоў, дзеянні зарэгістраваных партый і арганізацый улады могуць адсочваць больш эфектыўна.
Старшыня камітэта па стварэнні "Народнай Грамады" (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя) Мікалай Статкевіч заявіў, што песімістыча ставіцца дамагчымасці рэгістрацыі дэмакратычных партый і арганізацый.
"Улады праводзяць пакрокавую дэмакратызацыю ў тым кірунку, які не нясе ім пагрозы, але падносіцца Захаду ў якасці дасягнення. Я не веру, што ўлады гатовы змяніць умовы рэгістрацыі", — лічыць ён, паведамляе БелаПАН.