viasna on patreon

Таварыства аховы помнікаў выкінулі з Траецкага прадмесьця

2008 2008-12-26T15:29:19+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сябры Беларускага рэспубліканскага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры вывезьлі ўсе рэчы з уласнага офісу, які месьціўся ў Траецкім прадмесьці на вуліцы Старажоўскай у цэнтры беларускае сталіцы.

Напярэдадні калядных і навагодніх сьвятаў Беларускае рэспубліканскае дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры пазбавілася сваёй сядзібы, якая месьцілася ў Траецкім прадмесьці ў цэнтры Менску. Актывісты Таварыства да апошняга спадзяваліся захаваць за сабою памяшканьне і, адпаведна, юрыдычны адрас, але справа завершылася для гэтай арганізацыі даволі сумна.

Як распавёў старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, яшчэ ў траўні бягучага году зь яго арганізацыяй не была працягнутая дамова арэнды з боку Арэнднай камісіі Менгарвыканкаму й Камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Мінская спадчына”, але Таварыству атрымалася праседзець у займаным памяшканьні амаль да Новага году без дамовы арэнды.

Кара за нязручныя пытаньні

“Прычыну ў такім стаўленьні да нас я бачу толькі ў дзейнасьці самога Таварыства, таму што мы бы костка ў горле для нашага гарвыканкама, паколькі мы вельмі актыўна ўздымаем праблемы, у першую чаргу, па горадзе Менску, зьвязаныя з парушэньнямі гісторыка-культурнае спадчыны, а тут парушэньні татальныя”, - адзначыў Антон Астаповіч.

Да таго ж, як паведаміў кіраўнік Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, пасьля ўказа прэзыдэнта, які з 24 красавіка ўсталяваў новыя арэндныя стаўкі, сума арэнды памяшканьня для гэтай арганізацыі вырасла больш як у 10 разоў і складала апошнім часам 15 эўра за квадратны мэтар. Па словах Антона Астаповіча, сам будынак, дзе знаходзіўся офіс ачоленай ім структуры, належыць самому Таварыству аховы помнікаў. “Яго проста незаконна праз Гаспадарчы суд, які прыняў незаконнае рашэньне, забралі ў 2004 годзе, хоць будынак ставіўся за фінансавыя сродкі Таварыства, і проста-напраста адбылася беспадстаўная і незаконная нацыяналізацыя гэтага будынка”, - падкрэсьліў старшыня арганізацыі.

Па словах Антона Астаповіча, адбыўся працэс, які ўвогуле характэрны для Беларусі. “Гэта задушэньне ўсіх грамадзкіх арганізацыяў і грамадзкіх ініцыятываў, якое працягваецца і да гэтага часу, нягледзячы на так званую лібэралізацыю”, - сказаў старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Антон Астаповіч паведаміў, што зараз вырашаецца пытаньне з новым офісам і новым юрыдычным адрасам Таварыства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства