Чарговыя затрыманьні ля Валадаркі
У суботу прыкладна ў 19.30 ля менскай турмы на вул. Валадарскага была жорстка разагнаная чарговая акцыя ў падтрымку Аляксандра Баразенкі. Яе ўдзельнікі, якія стаялі з партрэтамі палітвязьня, а таксама журналісты — усяго 15 чалавек – затрыманыя. Зьмітру Хведаруку ўдалося ў апошні момант пазьбегнуць затрыманьня.
Усіх іх даставілі ў РУУС Маскоўскага раёну Менску. Міліцыянты перапісалі пашпартныя зьвесткі. Тых, хто ўжо раней праходзіў дактыляскапічную рэгістрацыю, аддзялілі ад астатніх. Сярод затрыманых — былы палітвязень Артур Фінькевіч, а таксама Міхал Пашкевіч, Максім Вінярскі, Паліна Кур'яновіч, Паліна Дзьякава, Аляксандар Сергіенка, Вікенцій Манько (гэта родны дзядзька А. Баразенкі), Багуслаў Равяка. Затрыманая была і фатограф НН Юлія Дарашкевіч.
Праз паўтары гадзіны некалькіх чалавек адпусьцілі, астатнія проста сыйшлі самі.
Паводле "Нашай нівы"