viasna on patreon

Галоўнага рэдактара «Бобруйского курьера» зноў «настойліва просяць» здаць адбіткі пальцаў

2008 2008-11-14T20:53:35+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Галоўнага рэдактара недзяржаўнай газеты «Бобруйский курьер» Анатоля Санаценку зноў «настойліва просяць» здаць адбіткі пальцаў. Гэтай справай займаецца адміністрацыя гарадскога ізалятара часовага ўтрымання, супрацоўнік якога — сержант Шумахер — учора наведаў кватэру журналіста. 

Як паведаміў прэс-службе ГА «БАЖ» Анатоль Санаценка, 13 лістапада ўвечары ў дзверы яго кватэры пазванілі людзі «з міліцыі», якія заявілі, што на імя А. Санаценкі ёсць «павестка».

Назваць сябе пагадзіўся толькі адзін з дваіх візітораў — паводле дакументаў, ім аказаўся сержант Шумахер. «Павестка» ўяўляла сабой пісьмовае персанальнае запрашэнне А. Санаценку ад адміністрацыі ізалятара часовага ўтрымання УУС Бабруйскага гарвыканкама «з’явіцца ў любы зручны да Вас час сутак для пастаноўкі на дактыласкапічны ўлік як ваеннаабавязанага». «Пра немагчымасць яўкі просьба паведаміць тэрмінова», — гаварылася ў паперы.

А. Санаценка заявіў, што не збіраецца станавіцца на дактыласкапічны ўлік, бо не абавязаны гэтага рабіць.

Тое ж ён адказаў днямі на аналагічнае тэлефоннае «запрашэнне» ад прапаршчыка бабруйскага ізалятару часовага ўтрымання. Супрацоўнік ізалятару заяўляў, што дактыласкапічную экспертызу неабходна прайсці ў сувязі з расследаваннем справы аб выбуху ў Мінску 4 ліпеня.

Паводле закона РБ «Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі» (арт.7), пад абавязковую рэгістрацыю падпадаюць грамадзяне, якіх прызываюць альбо якія паступаюць у добраахвотным парадку на вайсковую службу ва ўзброеныя сілы; якія праходзяць вайсковую службу ў дзяржаўных органах; якія праходзяць службу альбо працуюць у органах унутраных спраў, прафесійных аварыйна-выратавальных службах, падаткавых, мытных органах, органах пракуратуры, фінансавых расследаванняў КДК і г.д.; грамадзяне, якія стаяць на прафілактычным уліку ў органах унутраных спраў; якія здзейснілі адміністратыўныя правапарушэнні, за якія прадугледжана адказнасць у выглядзе арышту і г.д.

«А. Санаценка, як і большасць тых, да каго звяртаюцца з „настойлівымі прап­ановамі“ прайсці дактыласкапічную рэгістрацыю, не падпадаюць пад пералічаныя ў законе катэгорыі грамадзян. Таму змушаць іх да такой рэгістрацыі праваахоўныя органы не маюць права», — нагадвае намеснік старшыні ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец.




Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства