viasna on patreon

А судзьдзі хто?

2008 2008-11-14T10:03:38+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

На нарадзе ў чацьвер Лукашэнка даручыў старшыні Вярхоўнага суду Валянціну Сукалу вызваліць ад пасад судзьдзяў Алену Ільіну, Валер’я Есьмана і Тацяну Паўлючук. Усе яны аказаліся замешанымі ў карупцыйным скандале разам з пракурорам Менскай вобласьці Міхаілам Сьнегіром.

«Якую вы думаеце пазыцыю занялі судзьдзя Ільіна, Есьман, Паўлючук? Судзьдзя Ільіна ўзгадняла па тэлефоне (ня толькі апазыцыю праслухоўваюць, як бачым — Рэд.) са Сьнегіром пасьлядоўнасьць сваіх дзеяньняў. А судзьдзі Есьман і Паўлючук прымалі рашэньне накласьці спагнаньне на зьёмшчыка кватэры Сідаровіча за нібыта самавольную перапляніроўку кватэры», — эмацыйна зазначаў Лукашэнка.

Варта зазначыць, што ўсе пералічаныя судзьдзі лічацца найбольш адыёзнымі сярод апазыцыі. Алена Ільіна асудзіла на два гады калёніі Андрэя Клімава, а Андрэю Кіму дала паўтара году турмы. Валеры Есьман у свой час пакараў двума гадамі «хіміі» барысаўскіх «зуброў» Аляксандра Казакова і Зьмітра Зубра, ён дасуджваў за Ільіной фігурантаў «працэсу чатырнаццаці». А літаральна праз пару тыдняў Есьман мусіў пачаць разгляд крымінальнай справы Аляксандра Баразенкі. Адміністрацыйныя суды ў Тацяны Паўлючук праходзяць як па канвэеру. Толькі сёлета яна пакарала рознымі тэрмінамі зьняволеньня некалькі дзесяткаў (ці ўсё ж больш за сотню?) моладзевых актывістаў. Трапіцца на працэс да Паўлючук лічыцца найбольш непрымальным варыянтам.

А за што судзілі? За вялікія парушэньні — за палітычнае графіці, за дэманстрацыю пратэсту прадпрымальнікаў, за артыкул у інтэрнэце, за нецэнзурную лаянку і спраўленьне натуральнай патрэбы ў грамадзкім месцы. Ці ня сьмешна?

Усе гэтыя абсурдныя абвінавачваньні судзьдзямі Ільіной, Паўлючук і Есьман прымаліся за чыстую манэту. Напэўна, ім у галаву не магло прыйсьці вынесьці апраўдальныя прысуды. І разам з тым, гэтыя судзьдзі самі былі замяшаныя ў далёка ня самых чыстых справах. Як і пракуроры Купрыянаў, Сьнегір, якія таксама адзначыліся ў палітычных справах.

Сёньня стала крышачку больш зразумела, каго ставяць судзіць іншадумцаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства