У рэдактара «Бобруйского курьера» хацелі ўзяць «пальчыкі»
Галоўнага рэдактара недзяржаўнай газеты «Бобруйский курьер» Анатоля Санаценку сёння па тэлефоне выклікалі ў міліцыю здаць адбіткі пальцаў.
Як патлумачыў журналісту ананімны суразмоўца, дактыласкапічную экспертызу неабходна прайсці ў сувязі з расследаваннем справы аб выбуху ў Мінску 4 ліпеня.
«Калі я ў чарговы раз папрасіў яго назваць сябе, ён прадставіўся прапаршчыкам гарадскога ізалятара часовага ўтрымання. Паводле слоў прапаршчыка-ананіма, па загадзе кіраўніцтва ён тэлефануе ўсім мужчынам пэўнага ўзросту і запрашае здаць адбіткі пальцаў», — паведаміў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу БАЖ рэдактар незалежнага рэгіянальнага выдання.
Па словах А. Санаценкі, ад праходжання дактыласкапічнай экспертызы ён адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што не абавязаны гэтага рабіць.
Між тым, незадоўга да гэтага, у нумары ад 29 кастрычніка, «Бобруйский курьер» распавядаў пра «добраахвотна-прымусовую» кампанію амаль пагалоўнай дактыласкапіі бабруйчан-мужчын ва ўзросце 18-55 гадоў, якая праводзіцца на прадпрыемствах і ў навучальных установах Бабруйска.