viasna on patreon

Распачатая кампанія "Мабільная сувязь па-беларуску"

2008 2008-10-31T15:44:33+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Моладзь БНФ разам з Маладым Фронтам абвесьціла аб пачатку кампаніі "Мабільная сувязь па-беларуску", мэта якой прымусіць мабільных апэратараў перавесьці абслугоўваньне абанэнтаў на беларускую мову.
Пра гэта заявілі на прэс-канфэрэнцыі старшыня Моладзі БНФ Франак Вячорка і намесьнік старшыні Маладога Фронту Іван Шыла.
Малады Фронт раней спрабаваў весьці кампанію "МТС па-беларуску", якая, зрэшты, дала неблагі вынік - зьявілася беларускамоўная вэрсія сайту. Тады да кампаніі ў вялікай ступені спрычыніліся беларускія блёгеры.
Іван Шыла выказаў надзею, што кіраўніцтва кампаній мабільнай сувязі пойдзе насустрач грамадзкасьці і на гэты раз. "Думаю, мы ня здолеем унесьці зьмены ў заканадаўства, але будзем спадзявацца, што кіраўніцтва і МТС, і іншых кампаній пачуюць нас і пойдуць насустрач".
Іван Шыла паведаміў, што створаны Аргкамітэт кампаніі "Мабільная сувязь па-беларуску", у склад якого апроч Моладзі БНФ і Маладога Фронту ўвайшлі і іншыя моладзевыя арганізацыі. Аргкамітэт будзе актыўна шукаць новых валянтэраў для вядзеньня кампаніі, а таксама ствараць адпаведныя суполкі ў блёгах і ў сацыяльных сетках. Плянуецца выпуск прадукцыі - значкаў і ўлётак.
"Таксама будзем зьбіраць подпісы ў пікетах каля галоўных офісаў мабільных кампаній", - паведаміў Іван Шыла.
Паводле Франака Вячоркі, кампанія мусіць ахапіць усе кампаніі мабільнай сувязі, а не абмяжоўвацца толькі МТС. "У Беларусі існуе не адна і ня дзьве кампаніі, якія прадастаўляюць паслугі мабільнай сувязі. Кожная зь іх мае абавязкі перад беларускай мовай. Ня ўсе кампаніі аднолькавыя ў пляне беларусізацыі. Напрыклад, МТС і Вэлком маюць беларускамоўныя Інтэрнэт-старонкі, але ня маюць гукавога беларускамоўнага сэрвісу. У той жа час Дыялёг ня мае беларускае старонкі, але гукавы сэрвіс яго на беларускай мове", - заявіў Франак Вячорка.
Паводле старшыні Моладзі БНФ, Аргкамітэтам кампаніі падрыхтаваныя лісты да кіраўнікоў Дыялёг і МТС спадароў Андрэя Саборава і Ўладзімера Карповіча адпаведна, а таксама да міністра сувязі Мікалая Панцялеева.
"Кампанія накіраваная ня толькі на беларусізацыю мабільнай сувязі, але і на яе дэмакратызацыю, - сказаў Франак Вячорка. - У адпаведнасьці з законам, які гарантуе таемнасьць прыватнай перапіскі мы патрабуем адмовы ад рэгістрацыі пры падключэньні да апэратара мабільнай сувязі, а таксама будзем змагацца за тое, каб абмежаваць доступ КДБ і Міністэрства ўнутраных спраў да праслухоўваньня тэлефонных размоваў".
Паводле Франака Вячоркі, актывіста кампаніі будуць сачыць за рэакцыяй кампаній мабільнай сувязі. "Калі спатрэбіцца, мы з радасьцю дапаможам. Напыклад, перакладаць, - адзначыў Франак Вячорка. - Калі ж напрацягу двух месяцаў ня будзе відаць канкрэтных зрухаў, то мы пяройдзем да больш актыўнай кампаніі".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства