Праваабаронцы будуць дабівацца вяртання недзяржаўных выданняў у кіёскі
Беларускія правабаронцы бачаць адной са сваіх задач на бліжэйшы час вяртанне ў кіёскі недзяржаўных друкаваных выданняў. Пра гэта заявіў юрыст Алег Волчак, прэзентуючы 30 кастрычніка ў Мінску сваю новую кнігу «Хатні адвакат».
«Хатні адвакат» — кніжная версія рубрыкі, якую праваабаронца вядзе ў газеце «Народная воля» і іншых недзяржаўных выданнях, даючы парады чытачам адносна таго, як бараніць свае правы. Шмат гадоў працуючы ў недзяржаўных СМІ, праваабаронца добра знаёмы з іх праблемамі.
«Мы будзем змагацца за вяртанне ў продаж газет „Народная воля“, „Наша ніва“, „Товарищ“ і іншых незалежных выданняў, якіх няма на паліцах кіёскаў „Саюздруку“, — заявіў на прэзентацыі Алег Волчак. — Некаторыя з іх да таго ж яшчэ і змушаны друкавацца за межамі Беларусі. Таму мы таксама будзем дабівацца магчымасці для гэтых выданняў друкавацца ўнутры краіны».
Па словах праваабаронцы, без свабоднай інфармацыі робіцца ўсё цяжэй працаваць з людзьмі. «Асабліва гэта паказалі апошнія парламенцкія выбары — удзельнікі выбарчай кампаніі на сабе адчулі, як бракуе вольнага слова ў нашым грамадстве», — падкрэсліў А. Волчак.