Прадпрымальнікі пратэстуюць супраць арышту Аляксандра Баразенкі
У сувязі з затрыманнем Аляксандра Баразенкі Каардынацыйны Савет індывідуальных прадпрымальнікаў Рэспублікі Беларусь выступіў з заявай.
“Прадпрымальнікі выказваюць пратэст супраць незаконнага арышту Аляксандра Баразенкі і прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці і заяўляюць, што ўся адказнасць за арганізацыю “групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак” – мітынгу і вулічнага шэсця 10 студзеня, ляжыць на тысячах прадпрымальнікаў, якія бралі ў ім удзел. Мы пратэстуем супраць палітычных рэпрэсіяў, якія працягваюцца, і патрабуем неадкладнага вызвалення Аляксандра Баразенкі і спынення яго крымінальнага пераследу. Свабода прадпрымальніцтва – у рэабілітацыі асуджаных за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў!”- адзначаецца ў заяве.
Нагадаем, што Аляксандар Баразенка, актывіст грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, адзін з абвінавачаных па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле 342 КК РБ супраць удзельнікаў мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня 2008 г., добраахвотна з’явіўся да следчага і быў арыштаваны 27 кастрычніка.