Прававая база для зьнішчэньня палітычных партыяў зацверджаная ўладамі
Законапраекты аб палітычных партыях і грамадзкіх аб’яднаньнях, прынятыя дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у другім чытаньні, прадугледжваюць шэраг новаўвядзеньняў, сярод якіх прыпыненьне дзейнасьці палітычных партый і грамадзкіх арганізацый паводле рашэньня суду. Яны выклікалі крытычныя камэнтары з боку актывістаў палітычных партый, якія цьвердзяць, што перад пачаткам важных палітычных кампаній улады спрабуюць абмежаваць і жорстка кантраляваць дзейнасьць грамадзкіх структураў.
Паводле дэпутаткі Вольгі Абрамавай, бадай толькі адна яна ў Палаце прадстаўнікоў галасавала супраць прыняцьця гэтых паправак. А калі яна пажадала выказацца, старшыня ня даў ёй слова, паведамляе Радыё Свабода. Вольга Абрамава ўзначальвае беларускае аб’яднаньне “Яблыка” і заяўляе, што заканадаўчыя прапановы, ухваленыя яе калегамі, значна пагаршаюць існаваньне партый і іншых палітычных аб’яднаньняў як у тэхнічным, так і ў матэрыяльным пляне. Вольга Абрамава тлумачыць павелічэньне ціску ўладаў на грамадзянскую супольнасьць так: “Гэта наагул падазронае стаўленьне дзяржавы да ўсяго недзяржаўнага. Гэта пачуцьцё глыбокае і ўзаемнае, таму што недзяржаўныя арганізацыі таксама зь вялікім падазрэньнем ставяцца да ўсіх ініцыятываў дзяржавы і часьцяком іх падазрэньні маюць пад сабой глебу. Гэта ўзаемная дастаткова высокая вастрыня процістаяньня, якая мае даўнюю гісторыю. Адсутнасьць даверу зьвязаная зь меркаваньнем дзяржаўнага боку, што ўсякая грамадзкая дзейнасьць у сваёй аснове ёсьць дзейнасьцю антыдзяржаўнай”.
Падчас прэсавай канфэрэнцыі старшыня дэпутацкай камісіі ў правох чалавека, нацыянальных дачыненьнях і сродках масавай інфармацыі Юры Кулакоўскі заявіў, маўляў, “дзяржава больш клапоціцца пра лёс партыяў і павышэньне іх ролі ў грамадзтве, чым самі палітычныя партыі “. Як жа ставяцца да такога “клопату” з боку ўладаў у саміх партыях? Юрыст, актывіст АГП Міхаіл Пліска заяўляе, што ва ўладаў не было ніякіх падставаў для такога тэрміновага прыняцьця гэтых паправак, а мэта іх наступная: “Я не выключаю таго, што паколькі тэрмін прыпыненьня дзейнасьці палітычнай партыі шэсьць месяцаў, а дата правядзеньня выбараў вагаецца ў межах 4-5 месяцаў, то калі дзейнасьць партыі будзе прыпыненая напярэдадні абвяшчэньня даты выбараў, то партыя проста ня зможа прыняць удзел у выбарах. А па-другое, больш жорсткія ўмовы вынясеньня папярэджаньняў і падставаў для закрыцьця партыяў. Безумоўна, гэта пагоршыць умовы дзейнасьці палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў”.
Паводле старшыні арганізацыйна-праўнай камісіі партыі БНФ Уладзімера Лабковіча, ухвалены законапраект сьведчыць, што распачаты ўладамі працэс ліквідацыі палітычных партыяў выходзіць на фінальную стадыю: “ Як ужо меркавалася, паводле той інфармацыі, якая ёсьць, з восені ўжо пачнецца канчатковае зьнішчэньне палітычных партыяў, цяпер пад гэта падведзеная прававая база”.