Эўропа здымае табу
Эўразьвяз прыпыніў візавыя санкцыі ў дачыненьні да Лукашэнкі і «некаторых ягоных набліжаных», паведамляе Франс прэс. У чорным сьпісе засталіся толькі чацьвёра фігурантаў мэмарандуму Пургурыдэса ды кіраўніца Цэнтравыбаркаму.
Гэты крок Эўропы выкліча трыюмф у кіроўнай вярхоўцы. Прагматычны чыннік, да якога так доўга апэлявалі беларускія ўлады, узяў верх ў Брусэлі.
Гэты крок спародзіць рэзкую крытыку з боку беларускай палітычнай апазыцыі. Калі вынесьці за дужкі вызваленьне вязьняў, то беларускі афіцыйны лідэр не саступіў заходнікам ні каліва — і дамогся свайго.
Гэты крок можа дадаць пэсымізму нашай грамадзянскай супольнасьці. Бо надта многія перакананыя: з боку Менску ў дачыненьнях з Брусэлем ўсё абмяжуецца «кідалавам».
Зрэшты, шэраг незалежных экспэртаў лічаць, што Эўропа абрала рэалістычны шлях. Калі не працуюць сцэнары каляровых рэвалюцый, мо' спрацуе мэтад ціхае сапы?
Галоўнае пытаньне: ці сапраўды будзе нейкі плён ад новага падыходу заходнікаў? Ці спрацуе тая «дарожная карта»?
Мы ня ведаем зьместу кулюарных размоў міністра Мартынава ў Люксэмбургу. І потым, калі нават ён нешта паабяцае, дык дзе гарантыі, што беларуская кіроўная вярхоўка выканае абяцаньні?
У тутэйшага начальства — агромністы досьвед вешаньня локшыны на вушы Маскве пад маркай «братняй інтэграцыі». Цяпер можа распачацца такая ж гумавая «эўраінтэграцыя».
Карацей, пакуль выглядае на тое, што Эўропа доўжыць экспэрымэнт з мізэрнымі шанцамі на посьпех. Але хто прапануе цудадзейную стратэгію?
На фоне таго, што Эўразьвяз называў мінулыя выбары тэстам і зьвязваў пэрспэктывы размарожваньня стасункаў менавіта зь іх вынікамі, гэты шырокі жэст выглядае алягізмам, лічыць палітоляг Валер Карбалевіч. Зь яго слоў, адзінае тлумачэньне — геапалітычны інтарэс ЭС.
На думку палітоляга Андрэя Фёдарава, Эўропа зараз мусіць выбіраць паміж дрэнным і вельмі дрэнным. Ён лічыць, што ў геапалітычным змаганьні з Масквой за ўплыў на Беларусь Захаду варта было б пайсьці і на эканамічную падтрымку.
Ну а калі Лукашэнка, атрымаўшы жаданае ад Эўразьвязу, празь нейкі час, напрыклад, згодзіцца прызнаць Паўдзённую Асэтыю ды Абхазію? Што тады рабіць брусэльскім стратэгам? Зноў будаваць слоўныя канструкцыі з «нягледзячы на…». І колькі такіх «нягледзячы на…» спатрэбіцца Эўропе, каб зразумець, што Менск яе банальна «разводзіць»?
Так ці іначай, Эўропа вырашыла зрабіць эфэктны ход канём. Брусэль спрабуе згуляць у геапалітычныя шахматы. Але ж вядома, што каронны ход беларускай улады — дошкай па галаве.