viasna on patreon

Прадпрыемствы «Саюздруку» па-ранейшаму адмаўляюцца распаўсюджваць незалежную прэсу

2008 2008-10-10T15:03:41+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

З просьбай заключыць дамову на распаўсюд рэгіянальнай газеты «Intex-press» праз гандлёвую сетку аддзяленняў УП «Брэстаблсаюздрук» у Баранавічах, Баранавіцкім раёне і Ляхавічах выдавец выдання – ТАА «Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс» звярнуўся 9 верасня да кіраўніцтва прадпрыемства.

Аднак адказ ізноў быў традыцыйна адмоўным. “З-за перагружанасці нашай гандлёвай сеткі выданнямі па ўжо заключаных дамовах, дамова на аказанне паслуг па рэалізацыі прапанавай Вамі друкаванай прадукцыі заключацца не будзе”, — паведаміў у лісце ад 29 верасня дырэктар УП “Брэстаблсаюздрук” Васіль Марэйка.

Падобны адказ з “Мінскаблсаюздруку” за подпісам намесніка дырэктара прадпрыемства Надзеі Чапегі атрымала і рэдакцыя недзяржаўнай рэгіянальнай газеты “Нясвіжскі час” (адным з заснавальнікаў якой з’яўляецца “Выдавецкі дом ”Інтэкс-прэс").

Сітуацыю, калі ў газетных шапіках немагчыма купіць запатрабаваную мясцовую прэсу, дырэктар «Выдавецкага дома «Інтэкс-прэс» Уладзімір Янукевіч лічыць абсурднай.

«У шапіках ”Саюздруку" сапраўды можна ўбачыць якія заўгодна выданні – сотні найменняў, большасць якіх не нясе ніякай інфармацыі жыхарам горада пра іх рэгіён. Напрыклад, толькі часопісаў для рыбаловаў, у адным шапіку я ўбачыў 5 найменняў, сярод якіх і, безумоўна, «важнейшая» для жыхароў Баранавіч «Рыбалка на Руси». Месяцамі гэтыя выданні пыляцца на паліцах шапікаў. І ў той жа час месца для папулярнай мясцовай газеты няма. Узнікае пытанне: "Для каго працуе “Саюздрук”?», — абураецца выдавец недзяржаўных газет.

Уладзімір Янукевіч перакананы — нягледзячы ні на што, рэдакцыі незалежных выданняў павінны працягваць барацьбу за роўныя з дзяржаўнымі СМІ ўмовы распаўсюду.

Нагадаем: З пачатку 2006 года (перад прэзідэнцкімі выбарамі) прадпрыемствы сістэмы «Саюздруку» адмовіліся распаўсюджваць большасць незалежных беларускіх газет, у тым ліку баранавіцкую «Intex-press». (Тады ж выданне не было ўключана ў падпісны каталог «Белпошты».) Да гэтага праз шапікі «Брэстаблсаюздруку» прадавалася 2000-2500 асобнікаў газеты «Intex-press».

Дамову на рэалізацыю «Нясвіжскага часу» УП «Мінскаблсаюздрук» не заключыла ў 2007 годзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства