"Сітуацыя ў галіне правоў чалавека ў Беларусі пагаршаецца", – да такой высновы прыйшлі эксперты IHF
Міжнародная Хельсінская фэдэрацыя (IHF) па абароне правоў чалавека з штаб-кватэрай у Вене апублікавала гадавую справаздачу што да сытуацыі ў галіне правоў чалавека ў 38 краінах АБСЭ з Эўропы, Каўказу і Паўночнай Амэрыкі. Справаздача ахоплівае 24 былыя камуністычныя краіны, а таксама 13 краінаў з усталяванымі дэмакратычнымі сыстэмамі. 14 старонак справаздачы прысьвечаныя Беларусі. Радыё Свабода знаёміць са зьместам беларускай часткі.
Што датычыць вяршэнства закону, дэмакратыі і правоў чалавека Беларусь застаецца адной з найгоршых краінаў ў Эўропе. Улады не паважаюць шэрагу базавых правоў. Яны ўвялі жорсткія абмежаваньні на свабоду слова¸ згуртаваньняў і мэдыяў. Прыводзяцца шматлікія прыклады моўнай дыскрымінацыі ўладаў супраць носьбітаў беларускай мовы. У 2004 годзе ўзмацніўся адміністратыўны і эканамічны ціск на незалежныя мэдыі, спынены выхад многіх выданьняў (“Навінкі”, “Згода”, Время”, “Біржа інфармацыі”).
Дрэннымі застаюцца ўмовы ўтрыманьня ў турмах і сьледчых ізалятарах, міліцыя праводзіць неабгрунтаваныя арышты. Крымінальны кодэкс ды іншыя законы дапушчаюць адвольныя абвінавачаньні, гаворыцца ва ўступе да справаздачы Міжнароднай Хельсінскай фэдэрацыі.
У дакумэнце нагадваецца, што леташнія рэфэрэндум і выбары ў палату прадстаўнікоў не адпавядалі міжнародным стандартам. Улады скарысталі ўсе дзяржаўныя рэсурсы, каб забясьпечыць адпаведную выбарчую актыўнасьць і каб не зарэгістраваць прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў. З пункту погляду Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, незаконны быў таксама рэфэрэндум ў пытаньні магчымасьці балятавацца Аляксандру Лукашэнку на трэці тэрмін.
У справаздачы адзначаецца перасьлед недзяржаўных арганізацыяў, у прыватнасьці Беларускага Хельсінскага Камітэту і праваабарончага цэнтру “Вясна”. Пачынаючы з 2002 году адбыліся некалькі таямнічых нападаў на вядомых інтэлектуалаў. Невядомыя людзі зьбілі ў прыватнасьці прафэсара Адама Мальдзіса, рэжысэраў Юрыя Хашчавацкага і Валера Мазынскага, былога дырэктара Гуманітарнага ліцэю Уладзімера Коласа, праваабаронцу Алега Волчака і дэпутата парлямэнту Валера Фралова.
У справаздачы Міжнароднай Хельсінскай фэдэрацыі гаворыцца таксама пра разгон і затрыманьні ўдзельнікаў мірных дэманстрацый, пра дрэнныя ўмовы ўтрыманьня ў беларускіх турмах, пра перасьлед некаторых рэлігійных арганізацыяў такіх як “Харэ Крышна”, пра дыскрымінацыю беларускай мовы ў дзяржаўных установах.
Аўтары справаздачы робяць выснову – сытуацыя ў галіне правоў чалавека ў Беларусі сыстэматычна пагаршаецца.