viasna on patreon

Агляд-хроніка парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, верасень 2008 году

2008 2008-10-07T16:42:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

2 верасьня ў Менску адбылася прэзентацыя дакладу “Умовы ўтрыманьня пад вартай у Рэспубліцы Беларусь”, падрыхтаванага Міжнароднай федэрацыяй правоў чалавека (FIDH) з дапамогай беларускіх праваабаронцаў. Даклад складзены па выніках працы міжнароднай дасьледчай місіі і зьяўляецца каштоўнай крыніцай апошняй інфармацыі аб умовах зьняволеньня ў Беларусі, бо па прычыне адсутнасьці кантролю за пенітэнцыярнай сістэмай Беларусі з боку незалежных, нацыянальных або міжнародных механізмаў, інфармацыя аб умовах утрыманьня ў краіне практычна адсутнічае. Падчас прэзентацыі генеральны сакратар FIDH Луіс Перэс павітаў рашэньне беларускіх уладаў, якія вызвалілі ў жніўні апошніх палітвязьняў, але канстатаваў, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі па-ранейшаму выклікае занепакоенасьць у міжнароднай грамадзкасьці. У справаздачы зробленая выснова, што “ўмовы ўтрыманьня пад вартай у Беларусі скрайне нездавальняючыя і ўяўляюць сабою формы бесчалавечнага абыходжаньня, забароненага Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, Канвэнцыяй ААН супраць катаваньняў і іншага жорсткага, бесчалавечнага і прыніжальнага абыходжаньня”.

У першы месяц восені, 28 верасьня, адбыліся выбары дэпутатаў у Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацьвёртага скліканьня. Парламенцкія выбары адбываліся на фоне складанай сітуацыі з правамі чалавека. Асноўныя грамадзка-палітычныя правы, такія як свабода слова, свабода мірных сходаў і асацыяцыяў, заставаліся істотна абмежаванымі, мелі месца факты палітычна-матыванага перасьледу апанентаў рэжыму з боку афіцыйных уладаў Беларусі, што не спрыяла правядзеньню выбараў у атмасферы даверу. Нягледзячы на шматлікія абяцаньні кіраўніцтва краіны правесьці свабодныя і дэмакратынчыя выбары, так і не былі выкананыя рэкамендацыі АБСЕ, зробленыя падчас папярэдніх выбараў. Цэнтральная камісія па правядзеньню выбараў і рэспубліканскіх рэферэндумаў адмовілася праводзіць перамовы з прадстаўнікамі АДС па пытаньнях магчымасьці паляпшэньня ўмоваў правядзеньня выбарчай кампаніі.

Згодна афіцыйным зьвесткам, у галасаваньні прынялі ўдзел 75,3% выбаршчыкаў, усе 110 дэпутатаў абраныя ў выніку галасаваньня ў першым туры. Па словах старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай зэканомлена каля 2 млрд. рублёў. Гэтыя сродкі будуць у асноўным выдаткаваныя на прэміраваньне сябраў выбарчых камісіяў. Ніводны з прадстаўнікоў апазыцыі у парламент ня трапіў. Сьпіс кандыдатаў, якія прайшлі ў Палату Прадстаўнікоў, агучаны Лідзіяй Ярмошыной, амаль цалкам супаў з апублікаваным за некалькі дзён да выбараў газетай «Народная воля» спісам зацьверджаных уладамі кандыдатаў, дасланым у рэдакцыю гэтай газеты ананімным чыноўнікам.

У парламенцкіх выбарах прынялі удзел 263 кандыдата, з іх па дадзеных АДС на апошнім этапе затавалася 66 прадстаўнікоў ад апазіцыі. Прыкладна на 30 акругах выбары праходзілі без апазіцыйных кандадатаў. У цэлым па Беларусі 16 акругаў аказаліся безальтэрнатыўнымі. Пасьля падліку галасоў у Цэнтрвыбаркам было пададзена 24 скаргі з патрабаваньнем прызнаць выбары несапраўднымі, іх вынікі аспрэчваюцца ў 20 акругах, аднак ЦВК адмовілася разглядаць гэтыя скаргі і перанакіравала іх у акружныя выбарчыя камісіі.

Як адзначылі праваабаронцы-ўдзельнікі маніторынгу, які ажыцьцяўляўся на падставе доўгатэрміновага назіраньня за асноўнымі этапамі выбарчай кампаніі і адбываўся на 86 выбарчых акругах, працэдуры фармаваньня і склад акруговых і, асабліва, участковых выбарчых камісіяў, недастковая празрыстасьць рэгістрацыі кандыдатаў, прымус для удзелу у датэрміновым галасаваньні, закрытасьць выбараў для назіральнікаў не адпавядалі стандартам Капенгагенскага дакументу АБСЕ і беларускаму заканадаўству. Парушэньні правілаў падліку галасоў і немагчымасьць назіральнікам рэальна сачыць за гэтым працэсам не дае падставаў для даверу агучаным выбарчымі камісіямі вынікаў выбараў. Згодна з дзеючым заканадаўствам, датэрміновае галасаваньне пачалося за 5 дзён да прызначанай даты – у аўторак, 23 верасьня. Сярод тыповых парушэньнях падчас датэрміновага галасаваньня каардынатары кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" адзначылі немагчымасьць атрыманьня назіральнікамі якой-небудзь інфармацыі ад членаў участковых выбарчых камісіяў, напрыклад, колькі бюлетэняў было дастаўлена на выбарчыя ўчасткі, колькі чалавек уключана ў сьпісы для галасаваньня, колькі прагаласавала за пэўны прамежак часу. На некаторых участках у першы дзень датэрміновага галасаваньня скрыні былі апячатаныя "ўсляпую" без адкрыцьця і прад'яўленьня іх для агляду сябрам участковых выбарчых камісіяў.

Па ўсёй краіне зафіксаваныя шматлікія факты прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні. Гэта адбывалася паўсюль: на прадпрыемствах, у навучальных установах. Пісьмовыя заклікі да датэрміновага галасаваньня разьмяшчаліся ў грамадзкіх месцах (крамах, майстэрнях, цырульнях, лазнях і г.д.), жылых дамах. Апроч таго, ад выбаршчыкаў сьвядома утойвалася, што права датэрміновага галасаваньня можа быць скарыстанае толькі ў выпадку адсутнасьці магчымасьці ў дзень выбараў знаходзіцца па месцы свайго жыхарства. Але ня толькі выкарыстаньне адміністратыўнага рэсурсу значыцца сярод парушэньняў. Тут і затрыманьні і канфіскацыі перадвыбарчых матэрыялаў. 23 верасьня рэпарцёру незалежнай штодзённай газеты “Народная воля” Юрыю Дзядзінкіну, нягледзячы на наяўнасьць прэс-карты, забаранілі рабіць фотаздымкі на выбарчым ўчастку №398 у Менску. Сябры камісіі спаслаліся на адпаведнае рашэньне старшыні ўчастковай выбарчай камісіі. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік патлумачыў гэтую забарону няздольнасьцю журналіста наладзіць “чалавечыя стасункі” з сябрамі ўчастковай камісіі. Таксама зафіксаваныя факты гвалтоўнага перасьледу: 28 верасьня ў Віцебску каля 20-й гадзіны вечара зьбілі рэдактара недзяржаўнай газэты «Курьер из Витебска» Уладзімера Базана, які быў назіральнікам на выбарчым участку №34 Віцебскай Кастрычніцкай выбарчай акругі № 20. Падобным чынам ва ўласным пад’езьдзе быў зьбіты незалежны кандыдат Андрэй Левінаў.

Міжнародная місія назіральнікаў Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) не прызнала парламенцкія выбары, якія адбыліся ў Беларусі 28 верасьня, адпаведным дэмакратычным стандартам, адзначыўшы пры гэтым вялікую колькасьць парушэньняў і фальсіфікацыяў. Не задаволенымі правядзеньнем выбараў засталіся і ЗША. Місія назіральнікаў ад СНД прызнала парламенцкія выбары свабоднымі і дэмакратычнымі.

Прадстаўнікі апазіцыі і незалежныя назіральнікі абвесьцілі, што вынікі выбараў былі падтасаваныя, а яўка выбаршчыкаў на ўчасткі – завышаная. 28 верасьня ў цэнтры сталіцы адбылася акцыя пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў парламенцкіх выбараў, якую міністр унутраных справаў Ўладзімір Навумаў, назваў грубым парушэньнем правапарадку і заявіў, што гэтаму будзе дадзена прававая ацэнка.

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанна Літвіна стала лаўрэатам прэміі ­Фонда імя Фрыдрыха Эберта ­па правах чалавека ў 2008 годзе. Цырымонія ўганараваньня адбудзецца 12 сьнежня ў Берліне. Плануецца, што з урачыстай прамовай выступіць Маціас Плацэк, прэм’ер-міністр федэральнай зямлі Брандэнбург (Германія).

 

  1. Адміністратыўныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

 

У верасьні Клецкі райвыканкам прыняў рашэньне за № 886 “Аб надзяленьні службовых асобаў Клецкага райвыканкаму паўнамоцтвамі на складаньне пратаколаў аб адміністратыўных парушэньнях”. Насельніцтва пра гэта папярэджана праз мясцовую райгазэту “Да новых перамог”, паведаміў праваабаронца і выдавец Сяргей Панамароў. У сьпісе чыноўнікаў-выканаўцаў — усе намесьнікі старшыняў райвыканкаму, начальнікі ўпраўленьняў, вядучыя спэцыялісты, а таксама міліцыянты і нават супрацоўнікі ідэалягічнага аддзелу. Таксама сваім рашэньнем Клецкі райвыканкам абавязаў усе тамтэйшыя сельскія выканаўчыя камітэты прыняць адпаведныя рашэньні — надаць сельсаветчыкам права штрафаваць сваіх аднавяскоўцаў. Караць будуць ня толькі за сьмецьце, пустазельле і лаянку, але перадусім — за абразу чыноўнікаў, парушэньні пры наведваньні будынкаў і кабінэтаў улады. Усяго так званых штрафных артыкулаў — больш за 45.

 

13 верасьня падчас афіцыйных урачыстасьцяў да Дню Гомелю, які адзначаў 866 гадавіну заснаваньня, на вачах усяго кіраўніцтва актывісты мясцовага “Маладога Фронту” ўзьнялі бел-чырвона-белы сьцяг. Міліцыянты адразу выхапілі з натоўпу Андруся Цянюту і, зьбіваючы, павалілі на зямлю. У выніку Андрусю пашкодзілі калена і вывіхнулі палец. У пастарунку на маладафронтаўца склалі некалькі пратаколаў, сярод якіх супраціў міліцыі і брыдкаслоўе. Ноч Андрусь правёў у асобным пакоі, седзячы на бетонавай падлозе. Зраніцы наступнага дня ён запатрабаваў, каб выклікалі лекара, бо кепска сябе адчуваў. Медыкі дыягназавалі сімптомы пнеўманіі, тым ня менш на волю маладафронтаўца выпусьцілі толькі праз 15 гадзінаў.

23 верасня Андруся Цянюту зьнялі з цягніка, што накіроўваўся ў Менск. Міліцыянты абвінавацілі актывіста ў тым, што ён ухіляецца ад судовага працэсу і пратрымалі да раніцы ў ізалятары. На наступны дзень Чыгуначны райсуд Гомелю пакараў маладафронтаўца адміністратыўным арыштам на 7 сутак і штрафам у памеры 20 б.в.(700 тыс. руб.).

 

Уначы з 14 на 15 верасьня ў Берасьці за нанясеньне графіці "БАЙКОТ!" былі затрыманыя моладзевыя актывісты Міхась Ільін і Яўген Скрабец. Толькі раніцай пасьля правядзеньня эксьпертызы, ці не падпадае нанесеная шкода пад крымінальную справу, міліцыянты склалі пратаколы па адміністратыўнаму артыкулу 17.1 – дробнае хуліганства. Суд Маскоўскага раёну Берасьця пакараў хлопцаў на 5 сутак арышту кожнага.

 

5 верасьня суд Савецкага раёну Менску пакараў 15 суткамі арышту моладзевага актывіста Вадзіма Ханяўку па абвінавачаньню ў дробным хуліганстве. Па выхадзе на волю хлопец распавёў падрабязнасьці свайго затрыманьня. “Я толькі ўвайшоў у гараж, дзе знаходзіліся некаторыя матэрыялы па кампаніі “БАЙКОТ 2008!”, як да гаража пад’ехаў “уазік” з амапаўцамі, якія, відавочна, высочвалі мяне. Мяне павалілі на зямлю і пачалі зьбіваць, пасьля адвезьлі ў Савецкі РАЎС і склалі фальшывы пратакол”, - паведаміў Вадзім.

Таксама 5 верасьня быў затрыманы актывіст “Маладога Фронту” Дзяніс Карноў, у якога міліцыя і супрацоўнікі КДБ правялі дома ператрус. Праз некалькі гадзінаў Дзяніс быў вызвалены з пастарунку.

 

29 верасьня камісія па справах непаўнагадовых Салігорскага райвыканкаму разгледзела адміністратыўныя справы ўдзельнікаў антываеннай акцыі, якая адбылася 11 жніўня ў Менску каля расейскай амбасады і была разагнаная міліцыяй з ужываньне фізычнай сілы і сьпецсродкаў. 16-цігадоваму Ільлю Шылу за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў вынесена папярэджаньне, старэйшы Іван Шыла пакараны штрафам у памеры 25 б.в. (875 тыс. бел. руб.). Раней за удзел у мірнай акцыі пратэсту актывіска “Маладога Фронту” Людзьвіся Атакулава адседзела 10 сутак арышту, а на Андруся Тычыну быў накладзены штраф у памеры 25 базавых велічыняў.

 

  1. Катаваньні і іншыя віды жорсткага бесчалавечнага абыходжаньня

 

1 верасьня ў Салігорску была затрыманая і збітая міліцыянтамі Яна Палякова, якая зьяўлялася сябрам ініцыятыўнай групы кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Вольгі Казулінай. Трое супрацоўнікаў праваахоўных органаў даставілі яе ў пастарунак, дзе сп.Паляковай стала кепска, пасьля чаго "хуткая" пад аховай міліцыі даставіла яе ў шпіталь. Лекары зафіксавалі цялесныя пашкоджаньні на руцэ і нагах. Яна Палякова зьвярнулася са скаргай у пракуратуру, у якой просіць правесьці праверку дзеянняў службовых асобаў, якія перавысілі службовыя паўнамоцтвы і падверглі яе збіццю.

 

7 верасьня сябра моладзевага крыла АГП з Берасьця Юры Панасюк зьвярнуўся да праваабаронцаў і паведаміў пра грубыя, незаконныя дзеяньні сьпецслужбаў у дачыненьні да яго, а таксама ўжываньні катаваньняў. Усе гэтыя дзеяньні зьдзяйсьняліся нібыта ў сувязі з расьследваньнем справы аб выбуху ў Менску. Людзі ў цывільным падышлі да хлопца, адзін з іх, нічога не тлумачачы, нанёс удар у грудзі, двое астатніх схапілі за рукі, сілком надзелі кайданкі і заштурхнулі на задняе сядзеньне аўтамабілю. Пагражалі, каб не лез у палітыку. Пры гэтым адзін дастаў цясак, Юры рукамі ў наручніках спрабаваў яго адбіць і параніў на левай руцэ два пальца, пацякла кроў. Атрымаў удары ў галаву, пасьля чаго з яго зьнялі кайданкі і выштурхнулі з машыны. “Лічу, што гэтая акцыя – нішто іншае, як запалохваньне моладзевых актывістаў," – сьцвярджае Юры Панасюк.

  1. Парушэньні прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі

9 верасьня суд Іўеўскага раёну на падставе заявы начальнік упраўленьня КДБ па Гарадзенскай вобласьці І.П.Сяргіенкі прызнаў нумар незалежнай газэты “Свабода” № 127 (14-27.08.2008) экстрэмісцкім выданьнем і вынес рашэньне аб зьнішчэньні накладу, канфіскаванага 19 жніўня на трасе Менск-Гародня. Судзьдзя Тоўсьцік А.А. падтрымаў меркаваньне супрацоўніка органаў бясьпекі і пагадзіўся з тым, што шэраг зьмешчаных у газэце артыкулаў утрымліваюць матэрыялы, якія прапагандуюць экстрэмісцкую дзейнасьць і генацыд грузінскіх уладаў у дачыненьні да асецінскага народу. Паколькі на тэрыторыі Беларусі гэтае выданьне лічыцца пазазаконным, тыя грамадзяне, якія будуць затрыманыя за распаўсюд газэты, могуць прыцягвацца да адказнасьці паводле крымінальнага кодэксу. Сама справа была першай з шэрагу судовых разбіральніцтваў, якія праходзяць на Гарадзеншчыне паводле заяваў КДБ аб прызнаньні матэрыялаў, канфіскаваных на працягу некалькіх гадоў экстрэмісцкімі.

18 верасьня ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні адбылася папярэдняя гутарка бакоў па грамадзянскай справе «Аб прызнаньні інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкімі», распачатая гарадзенскім абласным камітэтам КДБ. Як высьветлілася ў судзе, адказчыкамі па справе выступаюць 9 асобаў, у якіх за апошнія гады на мяжы вымалі «патэнцыйна экстрэмісцкую» прадукцыю: моладзевыя актывісты Барыс Гарэцкі, Яўген Скрабутан, Аляксей Трубкін, Зьміцер Мальчык, журналіст Анджэй Пісальнік, сябар АГП Уладзімер Ларын, праваабаронца Валеры Шчукін, Юры Марціновіч і Станіслаў Ёдка. Сярод так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў фігуруе “Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзе”, канфіскаваны мытнікамі ў Аляксея Трубкіна. Як зазаначана ў дакуменце, кніга “утрымлівае значную колькасьць фотаматэрыялаў з масавымі несанкцыянаванымі пратэстнымі акцыямі ў Рэспубліцы беларусь (“Дзень Волі”, “Чарнобыльсеі шлях”, “Дзяды”) антыбеларускай ськіраванасьці (…), утрымлівае матэрыялы з прыкметамі закліку да захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам і арганізацыі масавых беспарадкаў”.

З дзевяці выкліканых у суд прыйшлі трое. Пасьля правядзеньня гутаркі асобна з кожным судзьдзя Аляксандра Сіцько паведаміў, што справа будзе разглядацца ў кастрычніку. Журналісты і праваабаронцы на гутарку не дапускаліся.

11 верасьня невядомыя скралі ў віцебскага распаўсюдніка незалежнай прэсы Барыса Хамайды некалькі соцень паасобнікаў “Народная Воля”, “Наша Ніва” і “Курьер из Витебска”, пяць часопісаў “Arсhe” і пяць зборнікаў Уладзімера Падгола — “цытатнікаў” Аляксандра Лукашэнкі. Каб штодня не вазіць друкаваныя выданьні ў цэнтр гораду з ускраіны Віцебску, апазіцыянер захоўваў іх у гаспадарчай пабудове сваіх знаёмых. Ён мяркуе, што, верагодней за ўсё, злодзеі адсачылі месцазнаходжаньне “складу”, і падабралі ключы, бо дзьверы ўзламаныя не былі. Як лічыць распаўсюднік, гэты крадзёж не выпадковы, і зьвязвае яго з выбарчай кампаніяй, бо ў незалежнай прэсе друкавалася шмат артыкулаў пра апазіцыйных кандыдатаў, заўважаныя назіральнікамі парушэньні і г.д.

 

15 верасьня судзьдзя Пухавіцкага райсуду Лілія Рухлевіч адхіліла скаргу жыхароў пасёлку Дружны на кіраўніцтва Пухавіцкага райвыканкаму, якое не дазваляла насельніцтву знаёміцца з дакументамі, зьвязанымі з будаўніцтвам хімічнага заводу расейскай прыватнай кампаніі “Август-Бел”. Судовы працэс праходзіў цягам некалькіх дзён, і напачатку, 10 верасьня, было падцьверджана права грамадзкасьці атрымаць экалагічную інфармацыю і дакументы, зьвязаныя з будаўніцтвам шкоднай вытворчасьці, былі запатрабаваныя з райвыканкаму. Аднак 12 верасьня з імі азнаёміліся толькі судзьдзя і пракурор, дакументы не былі далучаныя да матэрыялаў справы. Заяўніца ад грамадзкасьці Настасься Рысевец лічыць гэта вынікам пэўнага ціску, бо “акрамя экалагічнай інфармацыі ў гэтых дакументах якраз утрымліваецца тое, што мясцовае насельніцтва супраць будаўніцтва гэтага заводу”. “І таму гэтыя пратаколы вельмі важна атрымаць. Мы імкнёмся даказаць, што насельніцтва выказвалася супраць, а ўлада пра гэта хлусіць,” – запэўніла сп. Рысевец. Яна заявіла, што рашэньне суду будзе абскарджанае ў вышэйшай інстанцыі.

14 верасьня падчас распаўсюду апошняга нумару незалежнай газэты "Свабодны Салігорск" на цэнтральным рынку гораду быў затрыманы маладафронтаўскі актывіст Андрусь Тычына. Закаванага ў кайданкі хлопца, міліцыянты даставілі ў мясцовы РАУС, дзе канфіскавалі 40 асобнікаў бюлетэню, склаўшы адпаведны пратакол. Праз гадзіну пасьля затрыманьня маладафронтаўца вызвалілі.

  1. Парушэньні права на свободу мірных сходаў

 

12 верасьня ад імя намесьніцы старшыні “Маладога Фронту” Насты Палажанкі ў Менгарвыканкам была пададзеная заяўка на правядзеньне 28 верасьня на Кастрычніцкай плошчы мітынгу з мэтаю “данясеньня інфармацыі да грамадзянаў Беларусі аб фальсіфікацыі парламенцкіх выбараў і рэпрэсіях падчас выбарчага фарсу ў дачыненьні да ўсяго грамадзтва.” Гарадзкія ўлады далі адмоўны адказ па прычыне нібыта немагчымасьці правядзеньня такога роду акцыяў у цэнтры беларускай сталіцы. Больш за тое, няпэрэдадні 28 верасьня ў міліцыю і пракуратуру пачалі выклікаць тых, хто актыўна заклікаў да ўдзелу ў акцыі, каб папярэдзіць аб магчымасьці крымінальнай адказнасьці.

15 верасьня актывістам Полацкага “Маладога Фронту” адмовілі ў правядзеньні пікету “БАЙКОТ 2008!”, заяўленага на 20 верасьня. Па словах заяўніка акцыі Алеся Круткіна, афіцыйнай падставай для адмовы сталася нібыта тое, што ў кінатэатры, каля якога планавалася зладзіць акцыю, у гэты час адбудзецца прагляд дзіцячых фільмаў і пікетоўцы будуць замінаць у правядзеньні кінапрагляду. “Гэта яўнае парушэньне заканадаўства, таму мы ўжо падалі скаргі на Полацкі выканкам у пракуратуру, мясцовую выбарчую камісію і Цэнтральную выбарчую камісію”, – зазначыў маладафронтавец Алесь Круткін. Нагадаем, некалькі тыдняў назад сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік паведаміў, што агітаваць за байкот парламенцкіх выбараў у Беларусі не забаронена.

 

Улады Барысава забаранілі правядзеньне фестывалю хрысьціянскай музыкі, арганізаванага прадстаўнікамі праваслаўнай, каталіцкай і пратэстанцкай канфэсіяў. Удзел у ім меліся прыняць каля сотні музыкаў і сьпевакоў з розных рэгіёнаў Беларусі, пачатак фестывалю быў прызначаны на 16 верасьня, заканчэньне – на 21 верасьня. На адкрыцьцё запланаванага мерапрыемства сабралася каля паўтары тысячы чалавек, але за 10 хвілінаў да пачатку прадстаўніца ідэалагічнага аддзелу райвыканкаму Барысава паведаміла, што дазвол на правядзеньне імпрэзы “страціў юрыдычную моц” і фэстываль забаронены. Чыноўніца патлумачыла, што арганізатары не ўзгаднілі праграму свайго фестывалю, не вырашылі пытаньні бясьпекі мерапрыемства, уборкі сьмецьця. Выправіць сітуацыю нейкім чынам не ўдалося.

 

  1. Парушэньне права на свабоду асацыяцыяў

30 верасьня ў Рэчыцкім раённым судзе распачаты папярэдні разгляд пазову незалежнага Беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці да мясцовага райвыканкаму, які адмовіўся паставіць на ўлік створаную тут раённую прафсаюзную суполку. Судзьдзя Анатоль Стрэльчанка запытаў неабходныя дакументы, каб пацьвердзіць уступленьне ў прафсаюз РЭП новых сябраў і законнасьць стварэньня тэрытарыяльнай суполкі. На наступнае паседжаньне ў якасьці сьведкаў вырашана выклікаць і некаторых сябраў гэтага прафсаюзу. Чакаецца, што рашэньне наконт пастаноўкі на ўлік суполкі незалежнага прафсаюзу ў Рэчыцы будзе вынесена 6 кастрычніка.

Дарэчы, гэта ўжо другі судовы працэс у Рэчыцы, каб прымусіць райвыканкам паставіць на ўлік новую прафсаюзную суполку РЭП. Улетку гэты ж судзьдзя Стрэльчанка пакінуў без разгляду аналагічны пазоў Беларускага прафсаюзу РЭП да выканкаму, спаслаўшыся на тое, што тут мае месца спрэчка двух суб’ектаў гаспадараньня.

 

  1. Звальненьні і адлічэньні з вучобы па палітычных матывах

 

На пачатку верасьня з Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя А.Куляшова адлічаны студэнт 1 курсу факультэту замежных моваў Расьціслаў Панкратаў фармулёўкай за непасьпяховасьць. Сапраўднай прычынай моладзевы актывіст лічыць сваю грамадзка-палітычную дзейнасьць, бо да яго неаднаразова прыходзілі супрацоўнікі КДБ па справе "Маладога фронту" і пагражалі адлічэннем з навучальнай установы.

 

З гэтага ж універсітэту была адлічаная студэнтка 3-га курсу сябра БХД Тацьцяна Шамбалава, якая ўдзельнічала ў выбарчай кампаніі ў Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу РБ у якасьці прэтэндэнта ў кандыдаты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС).

 

З Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту адлічаны рэгіянальны актывіст "Маладога Фронту" Мікола Дземідзенка, які скончыў першы курс гісторыка-філалагічнага факультэту. Яго некалькі разоў затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі за налепкі “Байкот” і раздачу агітацыйнай літаратуры.

 

Гомельскага каардынатара аргкамітэту БХД Кастуся Жукоўскага звольнілі з працы пасьля таго, як да кіраўніка прадпрыемства прыйшлі невядомыя асобы, якія цікавіліся апазыцыйным актывістам. Пасьля размовы зь імі дырэктар прадпрыемства “Інтэргрань” параіў Кастусю забраць заяву аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Актывіст адмовіўся, і тады яму прапанавалі падаць заяву на звальненьне. Кіраўнік ініцыятыўнай групы Кастуся Жукоўскага Аляксандар Сівакоў таксама быў звольнены з працы пасьля размовы з кіраўніцтвам і парады спыніць дзейнасьць у выбарчай кампаніі.

 

29 верасьня кіраўніцтва Цэнтральнай раённай бальніцы Слоніма, дзе санітарам працаваў Іван Бедка, кіраўнік выбарчага штабу апазіцыйнага кандыдата Івана Шэгі, паведаміла аб датэрміновым спыненьні кантракту без тлумачэньня прычынаў. “Уручылі паведамленьне, што са мною спыняецца кантракт за год да пенсіі. Я зьбіраюся падаваць скаргу ў суд, бо існуе закон, паводле якога ня маюць права спыняць кантракт за 3 гады да пенсіі”, - паведаміў актывіст.

  1. Свабода сумленьня

 

Увечары 10 верасьня падчас правядзеньня чарговай малітвы за вяртаньне будынку Менскага касьцёлу Сьвятога Язэпа з вернікамі сустрэўся начальнік адзьдзела Камітэту ўпаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Аляксандр Калінаў. Чыноўнік паабяцаў вярнуць будынак былога храму вернікам і заклікаў іх спыніць бестэрміновы пост за вяртаньне комплексу Менскага манастыра бернардынцаў з касьцёлам — помніка архітэктуры барока XVII стагодзьдзя (з 19 сакавіка 2005 года такія малебны праводзяцца штодзённа).

 

  1. Сьмяротнае пакараньне

 

У 2008 годзе ў Беларусі вынесены адзін сьмяротны прысуд. Пра гэта 9 верасьня на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў старшыня Вярхоўнага Суду Валянцін Сукала. Гэтая лічба, паводле ягоных словаў, сьведчыць аб "вельмі рэдкім" прымяненьні ў краіне вышэйшай меры пакараньня, "аб практычным мараторыі на гэты від пакараньня". Таксама ён зазначыў, што заканадаўчае ўвядзеньне мараторыя на пакараньне сьмерцю адносіцца да кампетэнцыі прэзідэнта і заканадаўцаў, але судзьдзі псіхалагічна гатовыя да ўвядзення мараторыя. Пры гэтым, падкрэсьліў Валянцін Сукала, нельга забываць аб выніках рэферэндуму 1996 году, на якім большасьць грамадзянаў Беларусі падтрымалі наяўнасьць пакараньня сьмерцю ў заканадаўстве.

  1. Палітычна матываваныя крымінальныя справы

 

Экс-кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах і вызвалены нядаўна палітвязень Аляксандр Казулін вылучаны польскімі дэпутатамі на прэмію Еўрапарламенту імя Андрэя Сахарава. Ляўрэатара прэміі абвесьцяць у сярэдзіне кастрычніка. Уручаць узнагароду 17 сьнежня на пленарным паседжаньні Еўрапарламенту ў Страсбургу.

Прэмія “За свабоду думкі” імя Андрэя Сахарава заснаваная Еўрапарламентам у 1988 годзе. Яе ўручаюць штогод “за дасягненьні ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабодаў”. У 2004 годзе гэтую ўзнагароду атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў, у 2006 годзе – былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі, лідэр незарэгістраванага руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства