viasna on patreon

Галіна Сямдзянава: «Нам удалося даказаць, што мы мелі факты грубага парушэння выбарчага заканадаўства на ўсіх этапах»

2008 2008-10-08T08:18:32+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дзякуючы ўдзелу значнай большасці кандыдатаў ад АДС у выбарчай кампаніі да канца, палітычныя партыі змаглі даказаць уладзе, што факты грубага парушэння выбарчага заканадаўства мелі месца на ўсіх этапах, і асабліва - падчас датэрміновага галасавання і ў асноўны дзень выбараў. Зараз трэба ўсяму свету давесці, што "абраны" парламент нелегетымны, ён праўладны і не прадстаўляе іншыя інтарэсы.

Такую выснову зрабіла сябра Партыі БНФ Галіна Сямдзянава падчас прэс-канферэнцыі 6 кастрычніка ў Менску. Гэтую прэс-канферэнцыю спадарыня Сямдзянава правяла ў выглядзе справаздачы аб сваёй працы ў якасці сябра Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голасу. Разам з Галінай Георгіеўнай інтарэсы апазіцыйных палітычных партыяў на паседжаннях ЦВК прадстаўлялі спадарыня Скрыган (ад ПКБ) і спадар Раманоўскі (ад АГП).

- Можна было б увогуле не ўключаць прадстаўнікоў палітычных партый у камісіі – няхай бы гэтыя выбары праводзілі ўлады. Але пры ўмове, што назіральнікі абавязкова былі б дапушчаныя да працэсу падліку галасоў. І тады можна было б казаць пра тое, што выбары праходзілі празрыста і адкрыта. Але зараз такога, на жаль, сказаць нельга, - заявіла Г.Сямдзянава.

Галіна Георгіеўна распавяла пра тое, што адбывалася на паседжаннях Цэнтральнай камііі. У прыватнасці – на заключным паседжанні, дзе вырашалася пытанне аб прызнанні вынікаў выбараў.

- Думаю, што гэтае паседжанне планавалася як тэатралізаванае відовішча, дзе былі трыумфальна прыпаднесеныя абраныя кандыдаты. А дзеля таго, каб паказаць, што ў нас дэмакратыя, у парадак дня першым пунктам уключылі разгляд скаргаў назіральнікаў і выбаршчыкаў. Для гэтага адабралі скаргі на парушэнні, якія сапраўды не маглі б сур'ёзна паўплываць на вынікі выбараў. Напрыклад, на нейкім участку камусьці на рукі далі два бюлетэні, альбо нейкі назіральнік убачыў, што на бюлетэні прастаўлены адзін подпіс. Было б добра , калі б гэта былі самыя шкодныя парушэнні.

Насамрэч, нашыя кандыдаты, якія засталіся  ўдзельнічаць у выбарах, у першы ж дзень падалі заявы на непрызнанне сапраўднасці выбараў. Па звестках ЦВК іх было 24. Але падчас абмеркавання мы высветлілі, што сапраўды такія скаргі накіравалі як мінімум 35 чалавек. Скардзіліся тыя кандыдаты, у якіх было наладжана масавае адсочванне па ўсіх участках паводзінаў прадстаўнікоў улады пры галасаванні. Такім чынам, гэта было масавае назіранне. І былі засведчаны масавыя парушэнні, аб якіх складаліся адпаведныя акты.

Нават калі прааналізаваць выступы куратараў па рэгіёнах на паседжанні Цэнтральнай камісіі. Кожны з іх казаў, што пэўны назіральнік скардзіцца, што на пэўным участку яму не далі дадзеных аб колькасці датэрмінова прагаласаваўшых і ўключаных у спіс, але "паколькі гэта быў адзін участак, гэта не паўплывала ні на што". Але ж пра гэта дакладвалі усе куратары. Такім чынам, яшчэ раз пацвярджаецца, што парушэнні насілі масавы характар, - адзначыла Галіна Георгіеўна.

Разам з тым яна звярнула ўвагу і на тое, што магчымы перагляд вынікаў выбараў ужо не зможа стаць аб'ектыўным:

- Мы паднялі наступнае пытанне: натуральна было б, калі б спачатку былі разгледжаныя ўсе скаргі, а пасля прымалася рашэнне аб прызнанні вынікаў выбараў. ЦВК адказала, што ім трэба рыхтавацца да паседжання, таму яны не могуць сабе гэтага дазволіць. А калі пасля раптам выявяцца парушэнні, то яны перагледзяць сваё рашэнне. Пры гэтым высветлілася, што прадстаўнікоў партыяў у складзе камісіі на той час ужо не будзе. Гэта азначае, што кандыдат застанецца сам-насам з Цэнтральнай камісіяй. Ён будзе мець магчымасць толькі адзін раз выказацца. Ні задаць пытанне, ні пацікавіцца тымі матэрыяламі, на падставе якіх будзе прымацца рашэнне, ён не зможа. Таму гэта ўжо будзе не такі аб'ектыўны разгляд, якім ён мог бы стаць з удзелам сябраў Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голасу.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства