У Беларусь прыбывае кіраўнік АБСЭ
Сёньня ў Менск зь візытам прыбывае дзейны старшыня АБСЭ, міністар замежных спраў Фінляндыі Аляксандр Стуб. Ён сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым і прадстаўнікамі беларускай апазыцыі.
Чаго чакаюць ад гэтага візыту ў Менску? Напярэдадні прыезду ў Беларусь дзейнага старшыні АБСЭ Аляксандра Стуба кіраўнік менскага офісу гэтай арганізацыі Ганс-Ёхэн Шміт заявіў, што ён бачыць магчымасьці для “пакрокавага разьвіцьця адносін Беларусі і Эўропы”:
“Карысьць ад апошніх палітычных рашэньняў, ухваленых у Беларусі, такіх як вызваленьне палітвязьняў, правядзеньне выбараў, якія будуць ацэненыя БДІПЧ АБСЭ і абмеркаваныя ў Эўропе, у тым, што існуе магчымасьць знайсьці спосабы крок за крокам і ў канкрэтных галінах разьвіваць супрацоўніцтва”.
Паводле спадара Шміта, дзейны старшыня АБСЭ зьбіраецца сёньня абмеркаваць пытаньні супрацоўніцтва, умацаваньня адносін АБСЭ і Беларусі.
На паляпшэньне адносін з Захадам разьлічваюць і беларускія ўлады. Пра гэта адразу пасьля выбараў казаў А. Лукашэнка на сустрэчы зь кіраўніцай місіі назіральнікаў ад Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Ан-Мары Лізэн. Беларускі кіраўнік сказаў спадарыні Лізэн, што чакае ад Эўразьвязу адмены санкцый: “Мы чакаем ад вас адмены ўсялякіх санкцый, якія вы ўвялі, пакрыўдзіўшы беларускі народ”, – заявіў тады А.Лукашэнка. Сёньня ён упершыню прыме ў сваёй рэзыдэнцыі міністра замежных спраў адной з краін Эўразьвязу – Фінляндыі, якая цяпер старшынюе ў АБСЭ.
Аляксандр Стуб сустрэнецца і з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі. Лідэры Аб’яднаных дэмакратычных сілаў зьбіраюцца давесьці яму супольную пазыцыю. Гаворыць адзін зь сустаршыняў АДС Вінцук Вячорка: “Мы хацелі б канчатковага замацаваньня ацэнкі гэтых выбараў як недэмакратычных, неадпаведных стандартам, непразрыстых, і адпаведна замацаваць пазыцыю наконт новага складу Палаты прадстаўнікоў, як структуры, якая ня можа называцца легітымным парлямэнтам і не можа прызнавацца”.
Вінцук Вячорка перакананы, што міжнародныя арганізацыі могуць рабіць крокі насустрач беларускім уладам толькі ў адказ на пазытыўныя зрухі, а пакуль да такіх можна аднесьці толькі вызваленьне палітвязьняў.
Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў не чакае ад візыту дзейнага старшыні АБСЭ нейкіх істотных рашэньняў: “Нічога я ад гэтага прыезду не чакаю, бо АБСЭ ня тая арганізацыя, якая можа штосьці вырашаць. Вырашае Эўразьвяз, у меншай ступені – Рада Эўропы. АБСЭ – гэта аналяг ААН ў Эўропе. І яшчэ горшы, таму што рашэньні тут увогуле прымаюцца кансэнсусам, а мы ведаем, якія краіны туды ўваходзяць”.
Паводле спадара Фёдарава прарыву ў дачыненьнях беларускіх уладаў з міжнароднай супольнасьцю няма. Ёсьць толькі некаторае пацяпленьне ў стаўленьні да афіцыйнага Менску, але гэта не яго заслуга, гэта рэакцыя Захаду на расейскую агрэсію ў Грузіі.