viasna on patreon

На чым зараз павiнны сканцэнтравацца дэмакратычныя сiлы?

2008 2008-10-03T18:22:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Вынiкi выбараў у Палату прадстаўнiкоў вядомыя. Самыя актуальныя пытаннi як заўжды: "Хто вiнаваты?" i "Што рабiць?" Iх задаюць адзiн аднаму як простыя людзi, якiя адчуваюць сябе падманутымi, так i палiтыкi. Мы вырашылi пацiкавiцца менавiта ў былых кандыдатаў: «На чым зараз павiнны сканцэнтравацца дэмакратычныя сiлы: на патрабаванні правядзення паўторных выбараў, на прэзiдэнцкай кампанii 2011 года альбо на байкоце ўсiх будучых выбарчых кампанiй у Беларусi?»

Вiктар ГАРБАЧОЎ (кандыдат па Барысаўскай гарадской акрузе №62):

— Самае галоўнае, на мой погляд, — гэта працаваць з людзьмi. Ёсць шмат адукаваных, добрых, талковых людзей, якiя гатовыя да змен, але не ведаюць, куды звяртацца. Не трэба вешаць нос!

Гэтыя выбары паказалi, як улада выцiрае аб нас ногi, не прыслухоўваецца да нашага меркавання. Апазiцыя павiнна дабiвацца таго, каб адбылiся змены ў выбарчым заканадаўстве. Калi на будучых прэзiдэнцкiх выбарах ва ўчастковых камiсiях не будзе прадстаўнiкоў апазiцыйных партый i рухаў, адназначна трэба байкатаваць гэтую кампанiю i нават не прызначаць адзiнага кандыдата ад апазiцыi. Прэзiдэнцкiя выбары ў такiм выпадку трэба прызначаць не на выбарчых участках, а на плошчы. I заранёй тлумачыць свой падыход народу.

Юрый ГУБАРЭВIЧ (кандыдат ад Бярозаўскай выбарчай акругi №9):

— Я супраць байкотаў у любым выглядзе. На мой погляд, мы зараз менш за ўсё гатовыя да байкотаў. А выбары перадусiм даюць нам магчымасць i дадатковыя шанцы пераканаць насельнiцтва ў справядлiвасцi нашых поглядаў. I гэтым трэба карыстацца.

У блiжэйшай перспектыве, на мой погляд, прадстаўнiкi дэмакратычных сiл павiнны сканцэнтравацца на тым, каб данесцi да людзей праўду пра тое, як адбывалася парламенцкая выбарчая кампанiя. I гэта тым больш важна з перспектывай на будучыя прэзiдэнцкiя выбары, а таксама з улiкам таго, што калi звярнуцца да сацыялагiчных апытанняў, то яны сведчаць, што ў Беларусi да 60 працэнтаў насельнiцтва вераць, што выбары адбываюцца дэмакратычна i згодна з беларускiм заканадаўствам. Насамрэч гэта не так, i тыя выбары, якiя адбылiся зараз, якраз-такi i даюць шанц пераканаць людзей у адваротным.

Вольга КАЗУЛIНА (кандыдат па Сухараўскай выбарчай акрузе №102):

— Я супраць байкоту, бо ён не дасць нiякiх вынiкаў. Каб штосьцi атрымаць, трэба працаваць. Беларуская грамадскасць, мiсiя БДIПЧ АБСЕ ўжо прызналі, што гэтыя выбары не былi свабоднымi i дэмакратычнымi. Трэба iмкнуцца, каб такое ж заключэнне даў Еўрасаюз i Злучаныя Штаты Амерыкi. I ўжо пасля патрабаваць правядзення новых выбараў у парламент. Але на гэты раз чэсных i транспарэнтных.

Мы павiнны сканцэнтравацца на будучай прэзiдэнцкай кампанii, у якой дэмакратычныя сiлы абавязаны ўдзельнiчаць. Але за гэтыя некалькi гадоў у Беларусi павiнна не толькi змянiцца сама працэдура правядзення выбараў, у краiне павiнны з'явiцца свабодныя i незалежныя СМI, у тым лiку i тэлеканалы, павiнен быць адменены артыкул Крымiнальнага кодэксу за пераслед па палiтычных матывах.

Таццяна МIРОНАВА (кандыдат па Масюкоўшчынскай выбарчай акрузе №103):

— "Дзякуй" уладзе: прайшоўшы пешшу сваю акругу, я зразумела, што наш народ нi ўва што не верыць, людзi адкрыта гаварылi пра тое, што ў iх няма выбару, што ўлада ўсё роўна прызначыць у парламент сваiх людзей. У вынiку мы маем тое, што маем.

Вынiк гэтай кампанii для мяне адзiн: павiнны быць унесены змяненнi ў Выбарчы кодэкс, а канкрэтна — незалежныя назiральнiкi павiнны быць дапушчаны да падлiку галасоў. Калi гэтага не будзе, то я — за байкот усiх выбарчых кампанiй.

Аляксандр МЕХ (кандыдат па Кобрынскай выбарчай акрузе №12):

— Па-першае, хачу адзначыць, што я i мае давераныя асобы ў абавязковым парадку будзем аспрэчваць вынiкi галасавання i падаваць заяву ў акруговую камiсiю i ЦВК з патрабаваннем пералiчыць бюлетэнi па нашай акрузе. Падставы для гэтага ў нас ёсць: нi на адным участку маiх прадстаўнiкоў i незалежных назiральнiкаў не дапусцiлi да падлiку галасоў.

Акрамя таго, мяркую праехаць па вёсках свайго раёна, дзе выступаў як кандыдат у дэпутаты, бо ў Кобрыне зараз iдзе грамадская хваля непрызнання гэтых выбараў. Па нашай акрузе былi два фаварыты: я i былы дэпутат Кучынскi, а ў вынiку дэпутатам стаў Зазуля, былы супрацоўнiк райвыканкама.

Што тычыцца будучага, то калi не зменiцца сiтуацыя з Выбарчым кодэксам i калi ўлада будзе i надалей такiм чынам фармiраваць склад участковых камiсiй, то нi ў якiм разе дэмакратам нельга ўдзельнiчаць нi ў прэзiдэнцкай кампанii 2011 года, нi ва ўсiх астатнiх. Трэба будзе байкатаваць гэты фарс. Толькi рашэнне павiнна быць супольнае.

Анатоль НОВIК (кандыдат па Мухавецкай выбарчай акрузе №4):

— Трэба працаваць не толькi падчас выбараў, але i памiж выбарчымi кампанiямi, працаваць з людзьмi ўвесь час. Трэба не высвятляць адносiны памiж сабою, а iмкнуцца да сапраўднага аб'яднання ўсiх апазiцыйных партый i рухаў.

Нам трэба астудзiцца, падумаць, як прыйсцi да прэзiдэнцкай кампанii 2011 года. Байкот — не выйсце. Калi б мы ўсе знялiся з гэтых выбараў, улада б нас размазала: маўляў, яны баяцца свайго народу. А так людзi ведаюць, што былi фальсiфiкацыi, бо яны не галасавалi так, як агучыла Лiдзiя Ярмошына.

Як юрыст, я магу сказаць, што беларускi Выбарчы кодэкс не самы дрэнны, але трэба дабiвацца таго, каб яго палажэннi выконвалiся. Каб людзей не гналi на датэрмiновае галасаванне, каб ва ўчастковых камiсiях не сядзелi настаўнiкi адной школы, а былi прадстаўнiкi розных прадпрыемстваў, у тым лiку i прадстаўнiкi апазiцыi. А менавiта такое палажэнне прапiсана ў Выбарчым кодэксе. Але ж наша ўлада ўключае адмiнiстрацыйны рэсурс i не выконвае нават тыя законы, якiя пiша сама.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства