Улады адмовілі ў перарэгістрацыі выдаўца газэты "День"
Упраўленьне рэгістрацыі і ліцэнзаваньня Менгарвыканкаму адмаўляецца рэгістраваць зьмяненьні ў Статуце прадпрыемства “Дзеньпрэс”, якое выдае газэту “День”. Зьмяненьні датычаць новага юрыдычнага адрасу, які прадстаўлены сталічным Домам польскім. Чыноўнікі лічаць несапраўднай дамову аб арэндзе паміж ім і прадпрыемствам “Дзеньпрэс”, паведамляе Радыё Свабода.
Галоўны рэдактар “Дня” і кіраўнік прадпрыемства “Дзеньпрэс” Мікола Маркевіч атрымаў паперу з упраўленьня рэгістрацыі і ліцэнзаваньня Менгарвыканкаму, у якой напісана, што дамова аб прадстаўленьні памяшканьня пад офіс прызнана несапраўднай, бо новыя органы Саюзу палякаў лічацца нелегітымнымі. А калі так, значыцца зарэгістраваць зьмяненьні ў Статуце “Дзеньпрэс” адносна юрыдычнага адрасу немагчыма.
Спадар Маркевіч робіць выснову: “Зразумела толькі адно, што гэта спроба ўнесьці дэстабілізацыю, спроба стварыць атмасфэру няпэўнасьці, і спроба перашкодзіць законнай дзейнасьці легальна зарэгістраванага сродку масавай інфармацыі”.