viasna on patreon

Пракуратура сочыць за назіральнікам

2008 2008-09-26T16:15:41+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Ельская раённая пракуратура завяла адміністрацыйную справу пра парушэньне заканадаўства аб выбарах супраць актывіста АГП і назіральніка з Калінкавічаў Дзяніса Рабянка.

Спадара Рабянка сёньня выклікалі позвай у Калінкавіцкую пракуратуру. Там яго сустрэў памочнік ельскага раённага пракурора Юрый Кушнярук. Ён паведаміў актывісту, што пракуратура распачала супраць яго справу паводле артыкулу 9.10 Кодэксу адміністрацыйных парушэньняў.

Са слоў Кушнярука вынікала, што яшчэ 11 жніўня Дзяніс Рабянок, ня будучы сябрам ініцыятыўнай групы, нібыта зьбіраў подпісы ў Ельску за кандыдата ў дэпутаты ад АДС у Палескай выбарчай акрузе №43 Мікалая Гаўрыленку. Спадара Рабянка апазналі па фатаграфіі (!) дзьве жыхаркі Ельску.

“Я патлумачыў супрацоўніку пракуратуры, - кажа Рабянок, - што кандыдат у дэпутаты Мікалай Гаўрыленка вылучаўся не шляхам збору подпісаў, а праз партыйны пратакол. І адмовіўся ад усялякіх тлумачэньняў”.

Памочнік пракурора заявіў, што сёньня ж даставіць матэрыялы адміністрацыйнай справы на разгляд свайму пракурору і пасьля яна будзе хутчэй за ўсё накіравана ў суд Калінкавіцкага раёну – па месцу жыхарства актывіста.

Дзяніс Рабянок зьвязвае нечаканую цікавасьць пракуратуры да яго асобы менавіта з выбарамі. З 13 жніўня ён зьяўляецца назіральнікам у Палескай выбарчай акрузе №43 і адначасова на ўчастку №3 у Калінкавічах.

З 23 верасьня ён вядзе шчыльнае назіраньне за датэрміновым галасаваньнем. Нават позву ў пракуратуру міліцыянт прыносіў актывісту на выбарчы ўчастак.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства