Беларусаў “пераконваюць” прагаласаваць датэрмінова
Віцебск
Пісьмовыя заклікі да датэрміновага галасавання размешчаныя не толькі ў грамадскіх месцах (крамах, майстэрнях, цырульнях, лазнях і г.д.), але і ў жылых дамах.
Ад выбаршчыкаў свядома утойваецца, што права датэрміновага галасавання можа быць імі скарыстана толькі ў выпадку адсутнасці магчымасці ў дзень выбараў знаходзіцца па месцы свайго жыхарства.
Бяроза
У Бярозе ідзе маштабная праца па арганізацыі масавага датэрміновага галасавання. Па словах адной з работніц цэха №3 (былога завода мінерала-ватных вырабаў) цяпер ААТ “Бяразабудматэрыялы”, 24 верасня майстар цэха Валерый Майсейчук падыходзіў асабіста да кожнага работніка і казаў, што “адміністрацыя завода прасіла прагаласаваць датэрмінова. У пятніцу 26 верасня праверым”. Калі ў яго жанчына спытала, хто “просіць” з адміністрацыі, майстар назваў начальніка цэха Уладзіміра Якшына.
На агульным сходзе работнікаў прадпрыемства, які адбыўся ў той жа дзень, дырэктар Мікалай Жук нічога не казаў пра датэрміновае галасаванне, затое, як давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Яўгена Казімірчыка, які балатуецца на другі тэрмін, папрасіў прагаласаваць за яго, каб падтрымаць цяперашні курс краіны.
Наваполацк
У Наваполацку работнікі бібліятэчнай сістэмы падмяняюць адзін аднаго на працы, каб пайсці прагаласаваць датэрмінова. Рэальна ціснуць на студэнтаў ПДУ праз пагрозы пазбавіць месца ў інтэрнаце.
Сябры некалькіх ўчастковых камісій у прыватных размовах між іншым адзначылі, што ў акруговую камісію іх сёлета не абавязваюць (а на папярэдніх выбарах абавязвалі) падаваць штодзённа спісы прагаласаваўшых – толькі іх агульную колькасць.
Полацк
Пайменныя спісы прагаласаваўшых не падаюцца ў акруговыя камісіі і ў Полацку. Назіральнікі адзначаюць, што датэрміновае галасаванне не мае на гэтых выбарах таго адцення жудаснай абавязковасці, якое адчувалася на, прынамсі, двух папярэдніх выбарчых кампаніях. Захады адміністрацый устаноў і прадпрыемстваў па скіраваніі падначаленых да папярдняга галасавання на дадзены момант маюць характар хутчэй просьбаў, чым абавязковых загадаў. Аднак пэўная колькасць людзей, узгадаўшы папярэднія выбары, па інэрцыі ідуць на ўчасткі – каб не чапалі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”