Кандыдат карыстаецца службовымі тэлефонамі і сваімі працоўнымі кадрамі
25 верасня ў 15 гадзін Юрась Жыдовіч, які з’яўляецца выбаршчыкам па 2-й Берасцейскай-Цэнтральнай акрузе патэлефанаваў на нумар 42-65-58, указаны ўперадвыбарчай улётцы кандыдата ў дэпутаты па азначанай акрузе Ларысы Багдановіч (галоўны ўрач ДУ «Брэсцкі абласны цэнтр медыцынскай рэабілітацыі для дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі «Тонус»). Ю. Жыдовічу адказала сакратарка медыцынскай установы, якая на ягонае пытанне адносна правядзення сустрэчаў з выбаршчыкамі кандыдата Ларысы Багдановіч адказала, што сустрэчаў болей не прадбачыцца. “Пахвальная” дасведчанасць сакратаркі галоўнага ўрача – яна нібыта працуе не ў дзяржаўнай медыцынскай установе, а ў перадвыбарчым штабе.
Відавочна, што спадарыня Багдановіч карыстаецца не толькі службовымі тэлефонамі, але і працоўнымі кадрамі, сваімі падначаленымі, дзеля дасягнення палітычных мэтаў, што забаронена выбарчым заканадаўствам.
Інфармацыя пра выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу кандыдатам перададзена ў пісьмовым выглядзе ў акруговую камісію.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”