Былой жонцы і сынам Міхаіла Марыніча суд пакінуў толькі прас, трэнажор і тэлевізар
Суд вырашыў лёс маёмасьці Міхаіла Марыніча, паведамляе Радыё Свабода. Прас, велатрэнажор і тэлевізар - толькі гэтыя рэчы пакінула судзьдзя Натальля Вайцаховіч былой жонцы і сынам Міхаіал Марыніча з ўсёй маёмасьці ў кватэры, дзе раней жыў асуджаны палітык.
Працэс па скарзе сваякоў Міхаіла Марыніча на рашэньне Менскага раённага суду аб канфіскацыі маёмасьці завяршыўся 7 чэрвеня ў Цэнтральным судзе Менску.
Сваякі прасілі судзьдзю скасаваць былое рашэньне аб канфіскацыі на той падставе, што Міхаіл Марыніч стварыў новую сям'ю і забраў сваю маёмасьць. На працэсе былі апытаныя сьведкі, якія давалі паказаньні адносна прыналежнасьці розных рэчаў з кватэры сваякам Міхаіла Марыніча, аднак толькі ў трох выпадках суд вырашыў спрэчку на карысьць сваякоў палітыка. Уся астатняя маёмасьць будзе канфіскаваная.
Сыны Міхаіла Марыніча ўжо заявілі, што ня згодныя з гэтым рашэньнем і зьбіраюцца яго абскардзіць.
Нагадаем, былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч быў асуджаны летась на тры з паловай гады зьняволеньня за крадзёж . Арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Марыніча вязьнем сумленьня.