Менск: Дзе галасуе прэзідэнт, студэнтаў быць не павінна
Студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, якія пражываюць у інтэрнаце, кіраўніцтва ВНУ рэкамендуе прагаласаваць датэрмінова, а на выходныя з'ехаць дахаты.
Справа ў тым, што на выбарчым участку № 449 Цэнтральнага раёна (Старавіленская акруга № 105), які размешчаны ў будынку БДУФК, 28 верасня будзе галасаваць кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Інтэрнат універсітэта размяшчаецца побач з навучальным корпусам. Таму і будынак БДУФК, і інтэрнат у нядзелю будуць дасканала "прачэсваць" службы бяспекі.
Зрэшты, студэнтаў не запалохваюць і сілай на ўчастак не цягнуць. Іх толькі просяць прагаласаваць датэрмінова, а тых, хто застаецца ў інтэрнаце на выходныя, заносяць у адмысловы спіс.
На прэзідэнцкіх выбарах 19 сакавіка 2006 года Аляксандр Лукашэнка галасаваў на выбарчым участку № 1 Цэнтральнага раёна г. Менска, які таксама быў размешчаны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізкультуры.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"