Брэст: КДБ не пакідае ў спакоі праваабаронцу
+37516278034 - менавіта з гэтага тэлефону ў 16:01 праваабаронцу з Брэста Уладзіміру Вялічкіну патэлефанаваў "невядомы", які прадставіўся супрацоўнікам Камітэту Дзяржаўнай Бяспекі і назваў прозвішча Трухань. Ён сказаў, што тэлефануе з працоўнага нумару і ў вельмі ветлівай форме прапанаваў сустрэцца паразмаўляць.
Праваабаронца Вялічкін ня стаў уступаць у доўгія размовы і прапанаваў супрацоўніку КДБ даслаць позву – гэта значыць, выклікаць яго належным чынам, як гэта прадугледжвае закон.
Спадар Трухань нібыта пакрыўдзіўся: "Ну, вы адразу сварыцца..." Пасля гэтага пацікавіўся, на які адрас даслаць позву.
Уладзімір Вялічкін пракаментаваў гэтае тэлефанаваньне наступным чынам: "Я ўжо даваў міліцыі сведчаньні па справе выбуху ў Менску. Зараз турбуе КДБ. Я лічу, што гэта псіхалагічны ціск, звязаны з выбарчай кампаніяй. Міліцыя таксама аказвае ціск, калі ў сувязі з праваабрончай дзейнасцю я мушу з імі сутыкацца. Яны надта часта выказваюць парады кшталту: "Много знает - пора имигрировать".
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”