viasna on patreon

Студэнтка журфаку Алена Андрэева можа быць адлічаная з БДУ за грамадзкую актыўнасьць

2005 2005-06-02T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведамiла Радыё «Свабода», увечары 1-га чэрвеня студэнтку журфака БДУ Алену Андрэеву выклікаў дзеля размовы дэкан факультэта Сяргей Дубовік. Як і прагназавала напярэдадні Андрэева, размова тычылася яе ініцыятывы ў зборы подпісаў за аднаўленьне на факультэце журналісткі газэты “Народная воля” Вольгі Класкоўскай, якую адлічылі з БДУ цалкам з палітычных прычыныў. За гэта і Андрэевай прыгразілі адлічэньнем.

Афіцыйная прычына адлічэньня студэнткі трэцяга курсу Вольгі Класкоўскай – “акадэмічная непасьпяховасьць”. Аднак яе аднакурсьнікі перакананыя, што гэтая “непаспяховасьць” створаная штучна і палітычна матываваная. Пра гэта студэнты напісалі ў заяве, якую перадалі нядаўна прызначанаму дэкану факультэту Сяргею Дубовіку.

Ініцыятарка стварэньня своеасаблівага аргкамітэту ў справе “ратаваньня Класкоўскай”, аднакурсьніца Вольгі, Алена Андрэева, за сваю актыўнасьць была выкліканая “на дыван” да дэкана. Але папярэднічалі сустрэчы, кансультацыі дэкана зь “людзьмі ў цывільным”. Як сцвярджае Андрэева, яна прыйшла а шостай, а літаральна за тры мэтры ад яе ішлі два маладыя чалавекі. Яны зайшлі да дэкана, той зачыніў дзьверы і яна 45 хвілінаў чакала аўдыенцыі. Калі ананімныя госьці кіраўніка факультэта журналістыкі сышлі, у кабінэце студэнтку чакалі дэкан і дзьве ягоныя намесьніцы.

Андрэева: “Яны сказалі, што ў сваёй заяве я ўсё нахлусіла, а за любую хлусьню, маўляў, студэнтаў адлічваюць. Я адказала, што ў верагоднасьці падобных захадаў якраз не сумняюся... Ня ведаю, ці можна разглядаць гэта як наўпроставую пагрозу, але баюся, што гэта была ўжо не пагроза, а канстатацыя факту”.

Алена Андрэева па-ранейшаму перакананая, што ў дачыненьні да яе сяброўкі Вольгі Класкоўскай ужытыя больш жорсткія карныя захады, чым тыя, якія звычайна практыкуюцца ў выпадках акадэмічнай запазычанасьці: у прыватнасьці, ёй не далі нават магчымасьць пераздачы іспытаў. .

Аднакурсьнікі Вольгі Класкоўскай сапраўднымі прычынамі адлічэньня журналісткі з факультэту лічаць яе працу ў газэце “Народная Воля”.

У сувязі з гэтым яны па-ранейшаму патрабуюць аднаўленьня Вольгі Класкоўскай на факультэце й спыненьня практыкі перасьледу студэнтаў за іх грамадзкую актыўнасьць і прафэсійную дзейнасьць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства