Выбары ў Савет Рэспублікі будуць безальтэрнатыўнымі
Агенцтва БелаПАН паведамляе, што 18 верасня Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў зарэгістравала на сваім паседжанні 55 кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.
У ліку кандыдатаў - спікер верхняй палаты Генадзь Навіцкі, старшыня Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў, старшыня праўлення ТАА "АСБ "Беларусбанк" Надзея Ермакова, былы амбасадар у Канадзе Ніна Мазай, намеснік дырэктара Інстытута дзяржаўнай службы Антаніна Морава, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Анатоль Рубінаў, намеснік старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда Яўгеній Смірноў, генеральны дырэктар "Марка" Мікалай Мартынаў і іншыя. Першапачаткова планавалася зарэгістраваць 56 чалавек, але протаіерэй Фёдар Папоўны адмовіўся вылучацца ад Менска. У сваёй заяве, накіраванай у ЦВК, ён аргументаваў гэтае рашэнне тым, што палітыка ў жыцці святара павінна быць другасная і ён мае намер працягваць духоўную дзейнасць.
Савет Рэспублікі фармуецца ў складзе 64 чалавек: па васьмі ад кожнай вобласці і Менска, яшчэ восем прызначае прэзідэнт. Такім чынам, выбары ў Савет Рэспублікі будуць праходзіць на безальтэрнатыўнай аснове.
Выбары членаў Савета Рэспублікі будуць праходзіць з 21 верасня па 10 кастрычніка на паседжаннях дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўня ў кожнай вобласці і дэпутатаў Менскага гарадскога Савета дэпутатаў.