viasna on patreon

Адказчыкамі па справе аб «экстрэмісцкіх матэрыялах» праходзяць 9 чалавек

2008 2008-09-18T13:31:07+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

­Сёння раніцай у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна адбылася папярэдняя сустрэча бакоў па грамадзянскай справе «Аб прызнанні інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкімі». Як высветлілася ў судзе, адказчыкамі па справе выступаюць 9 асобаў, у якіх у апошнія гады на мяжы вымалі «патэнцыйна экстрэмісцкую» прадукцыю.

Пра гэта паведаміў прэс-службе ГА «БАЖ» адзін з адказчыкаў, гродзенскі журналіст Анджэй Пісальнік, якога выклікалі ў суд з-за асобніка газеты беларускіх палякаў «Glos znad Niemna na uchodzstwie», забранага ў яго мытнікамі ў 2006 годзе.

Усіх адказчыкаў па чарзе запрашалі ў залу суда для размовы. Акрамя суддзі Аляксандра Сіцько, там прысутнічаў прадстаўнік Гродзенскага абласнога УКДБ Іван Стойлік, а таксама супрацоўнік мытнай службы.

Анджэй Пісальнік адразу ж папрасіў для азнаямлення матэрыялы справы, якая называецца «Аб прызнанні інфармацыйнага матэрыялу экстрэмісцкім».

«Я спадзяваўся знайсці там хоць нейкія тлумачэнні, доказы, канкрэтныя прыклады, але нічога не было. Адзіны дакумент, які я там пабачыў, — гэта “­Заключэнне аб аглядзе друкаванага выдання «Glos znad Niemna na uchodzstwie»”, падпісанае намеснікам УКДБ па Гродзенскай вобласці А.А. Манкевічам. Ім “устаноўлена, што ў газеце размешчаны артыкулы на польскай мове, якія тэндэнцыйна асвятляюць унутраныя праблемы Рэспублікі Беларусь, а таксама ўтрымліваюць прыкметы распальвання варожасці па палітычных матывах”. На гэтай падставе Манкевіч робіць выснову, што ў газеце ўтрымліваецца “інфармацыя з прыкметамі экстрэмісцкай скіраванасці”», — распавёў А. Пісальнік.

Адзінае пытанне, якое суддзя задаў журналісту, — ці пагаджаецца ён з выстаўленымі да выдання прэтэнзіямі. «Я адказаў, што ўвогуле не разумею іх сутнасці — у заяве няма ніякіх доказаў таго, што нейкі змест газеты з’яўляецца экстрэмісцкім. Суддзя звярнуў на гэта ўвагу прадстаўніка КДБ, каб той гэта ўлічыў потым. Я сказаў, што падрыхтую пісьмовае пярэчанне, і суддзя даў мне тэрмін да 25 верасня», - паведаміў журналіст.

А. Пісальнік будзе хадайнічаць аб спыненні вытворчасці па справе. Пакуль жа суддзя прызначыў пачатак судовых слуханняў на кастрычнік.

(Працяг матэрыялу рыхтуецца)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства