Гомельшчына: ЦВК лічыць, што затрыманне кандыдата – не ў яе кампетэнцыі
ЦВК адказала на скаргу Кастуся Жукоўскага – кандыдата па Буда-Кашалёўскай выбарчай акрузе №38. ЦВК лічыць, што Жукоўскі сам вінаваты ў тым, што яго затрымала міліцыя пасля запісу перадвыбарчага выступу па ТВ.
К. Жукоўскі атрымаў ліст за подпісам Мікалая Лазавіка. У лісце даводзіцца, што ЦВК стала вядома: Жукоўскі сам учыніў скандал у Гомельскай абласной тэлерадыёкампаніі, абразіў яе дырэктара В. Котава, чаму той і быў вымушаны выклікаць міліцыю. Гэта не ў нашай кампетэнцыі, заключае М. Лазавік.
Нагадаем, 9 верасня К. Жукоўскі з даверанымі асобамі быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў памяшканні аблтэлерадыёкампаніі “Гомель”. Міліцыю выклікаў В. Котаў, які сказаў, што давераныя асобы незаконна тут знаходзяцца і што ў іх торбах, магчыма, ёсць бомбы. Дырэктар “Гомеля” крычаў, што яны яшчэ адкажуць яму за выбух 4 ліпеня. Пасля ён вызваў міліцыю і напісаў скаргу на К. Жукоўскага ў Цэнтральны РАУС.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”