Пінск: “Паляванне” на актывістаў падчас візіту Лукашэнкі
16 верасня ў г. Пінск нанёс візіт А. Лукашэнка. Мэтай візіту было азнакамленне з будаўніцтвам спартыўных збудаванняў і развіццём спартыўнай базы вобласці. Таксама ён наведаў і сельска-гаспадарчыя аб’екты раёна. Перад візітам мясцовыя міліцыянты пачалі паляванне на мясцовых актывістаў апазіцыі. А звычайных грамадзян нават блізка не падпускалі да месца у якім знаходзіўся А Лукашэнка.
Так, у 10-30 гадзін актывіста Руху “За Свабоду” Салаўя Ігара двое супрацоўнікаў МУС прымусова даставілі ў ГАУС, як быццам для таго, каб узяць тлумачэнні, дзе ён знаходзіўся 3 ліпеня пад час інцындэнту ў Менску. Дазнавацель Міхалевіч праводзіў апытанне, спрабаваў узяць аналізы ДНК, а таксама адбіткі пальцаў. Пратрымаўшы каля дзвюх гадзін, міліцыянты адвезлі Ігара Салаўя дадому. Праз дзесяць хвілін актывіст паспрабаваў патрапіць у цэнтр гораду, але пад домам яго чакалі тыя самыя міліцыянты. Актывіста суправаджалі на аўтамабілі, а на вуліцы Савецкай яго затрымалі. “Да мяне пад’ехаў міліцэйскі аўтамабіль, патрабавалі праехаць з імі ў ГАУС, паколькі ў іх узніклі дадатковыя пытанні да мяне, – гаворыць Ігар Салавей. -- Далей на маё пытанне, чаму яны за мной сочаць, яны адказалі, што калі я не паеду з імі зараз, то яны мяне прымусова затрымаюць,” – удакладняе Ігар.
Даставіўшы Ігара Салаўя зноў у ГАУС, супрацоўнік міліцыі Міхалевіч патрабаваў узяць у яго адбіткі пальцаў, але калі Ігар адмовіўся, спасылаючыся на тое, што пры затрыманні мае права мець законнага прадстаўніка, міліцыянт неўзабаве вызваліў актывіста. На той час, як стала вядома, Лукашэнка ўжо адлятаў з горада верталётам.
У той жа час, у 10-30, на вуліцы Урыцкага каля інтэрнату Пінскага дзяржаўнага ўніверсітэту супрацоўнікам міліцыі Самцом быў затрыманы актывіст Руху “За Свабоду” Юрый Бахцераў.Міліцыянта цікавіла, куды той ідзе. Пасля таго як Юрый сказаў, што ідзе на прыпынак, каб заехаць на рынак, яму адказалі, што праход на прыпынак закрыты. Тады Юрый Сяргеевіч развярнуўся і пайшоў у адваротным накірунку, але гэты самы міліцыянт дагнаў яго і сказаў, што з ім хочуць пагутарыць. Потым грамадзянін у цывільным, не прадставіўшыся, заявіў, што з Юрыем Бахцеравым хочуць сустрэцца і пагутарыць кіраўнікі ГАУС, і настойліва прапанаваў сесці ў белы мікрааўтобус, які стаяў побач.
У ГАУСе спецыяльна зацягвалі час, водзячы па розных паверхах і ўвесь час з некім сазвоньваліся. У 10.50 маёр Ярашэвіч, намеснік начальніка па прафілактычнай рабоце з насельніцтвам, запрасіў Юрыя ў свой кабінет № 108. Праз 10 хвілін там з’явіўся супрацоўнік міліцыі Самец і ўчастковы Кулага. Яны склалі пратакол аб дробным хуліганстве, потым прапанавалі актывісту ў ім распісацца. Але Юрый Бахцераў напісаў, што ўсё напісанае няпраўда, а ён не лаяўся матам. Гэта могуць пацвердзіць суседзі, якія бачылі, як Юрыя затрымлівалі. Неўзабаве актывіст, спаслаўшыся на тое, што яму стала кепска, папрасіў выклікаць хуткую дапамогу. Прыехаўшыя ўрачы адвезлі Юрыя ў бальніцу, якая знаходзіцца у вёсцы Малоткавічы і ўжо там, нягледзячы на просьбу міліцыянтаў, дактары ў 17-00 яго адпусцілі.
Палявалі таксама і за Рамановічам Аляксандрам - каардынатарам Руху “ЗА свабоду” у горадзе Пінску і сябрам Партыі БНФ. Але Аляксандра дома не знайшлі, і следчы крымінальнага вышуку спрабаваў выклікаць яго па тэлефону як быццам для дачы тлумачэнняў па факту выбуху ў Менску 3 ліпеня. Аляксандр сказаў, што заняты і вызваліцца толькі у 16-00. Аднак пасля таго, як Лукашэнка адляцеў з горада, цікавасць міліцыі да Аляксандра прапала, і абяцаную павестку ён не атрымаў.
Ніколі яшчэ ў Пінску не было такіх мер бяспекі, як 16 верасня. Супрацоўнікаў розных сілавых структур, напэўна, тут была не адна сотня. Быў перакрыты рух па некалькіх вуліцах горада. Нават пешаходам было забаронена рухацца у той бок, дзе знаходзіўся А. Лукашэнка. У горадзе ўтварылася нейкая “зона адчужэння” працягласцю каля 5 кіламетраў у даўжыню і метраў 400 – 500 у шырыню. Быў спынены рух грамадскага транспарту (аўтобусаў № 10, 4, 17, 19.). Шмат людзей не маглі патрапіць на працу альбо дадому. Тыя, хто спрабаваў гэта зрабіць, былі спыненыя супрацоўнікамі ў цывільным і былі вымушаныя павярнуць назад. Многія казалі, што лепей бы ён сюды наогул не прыязжаў. Таму што простаму чалавеку патрапіць на месца сустрэчы было проста нерэальна.
Таксама была перакрыта столінская шаша. Там на выездзе з Пінску стварыўся вялікі корак з аўтатранспарту. Нават бензавозы з палівам для калгасаў не былі прапушчаны да свайго месца прызначэння.