viasna on patreon

Вілейка: Дадалася яшчэ адна безальтэрнатыўная акруга

2008 2008-09-16T11:40:01+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

13 верасня кандыдат у дэпутаты па Вілейскай выбарчай акрузе №64 Анікеенка Віктар Пятровіч падаў у акруговую камісію заяву аб зняцці сваёй кандыдатуры з выбараў. На паседжанні 15 верасня акруговая камісія пажаданне дзеючага дэпутата задаволіла. У выніку па акрузе застаўся толькі адзін кандыдат - вылучэнец "ад улады" Спільнічэнка Ігар Азоравіч - галоўны ўрач Вілейскага ТМА. Фактычна выбары ў гэтай акрузе можна лічыць адбыўшыміся - бо ўжо зараз вядома імя "пераможцы".

Чаму і як так адбылося?

Вядома што аб сваім намеры балатавацца ў Парламент першапачаткова тут заяўлялі чатыры чалавекі - старшыня Менскай абласной структуры Партыі БНФ Зміцер Вінаградаў, кіраўнік упраўлення навукі і інавацыйнага развіцця апарата Савета Міністраў РБ  Сапёлкін Яўген Пятровіч, дзеючы дэпутат ПП Анікеенка Віктар Пятровіч і  галоўны ўрач тэратэрыяльна-медыцынскага аб'яднання  Спільнічэнка Ігар Азоравіч. Але ўжо за меней чым два тыдні да галасавання выбарчую гонку працягвае толькі адзін кандыдат.

Першага прэтэндэнта Зміцера Вінаградава "зрэзалі" яшчэ на этапе рэгістрацыі ініцыятыўных груп па зборы подпісаў. Спачатку аднаго з сяброў яго ініцыятыўнай групы прымусілі напісаць заяву аб тым, што ён не згаджаўся быць у ёй. А калі ў апошні дзень Вінаградаў вёз  у камісію новы спіс ініцыятыўнай групы, яго затрымалі мядзельскія міліцыянты і пратрымалі яго ў пастарунку да заканчэння працы камісіі. Скаргі прэтэндэнта ў Цэнтарвыбаркам і Вярхоўны суд засталіся незадаволеныя.

Пасля таго як трое прэтэндэнтаў у кандыдаты падалі ў акруговую камісію сабраныя ініцыятыўнымі групамі подпісы, іх мусілі зарэгістраваць кандыдатамі ў дэпутаты. І вось на гэтым этапе з гонкі сышоў першы прэтэндэнт, прысланы з Менску -- Сапёлкін Яўген. Камісія паведаміла што 22,5% подпісаў сабраных за Сапёлкіна, несапраўдныя, бо аформлены з парушэннямі. На адных і тых жа падпісных лістах знаходзілся подпісы жыхароў з розных тэратэрыяльных адзінак - Мядзельскага і Вілейскага раёнаў. Выйшла, што вілейския подпісы завяраліся ў Мядзельскім райвыканкаме і наадварот. Але вядома што тых 22,5% маглі і не знайсці. Хутчэй за ўсё, была непажадана такая колькасць "аднолькавых" кандыдатаў, бо тады рабіўся магчымым варыянт другога тура.

І вось знайшлі пацьвярджанне чуткі, якія хадзілі па Вілейцы, нібыта дэпутату Анікеенку “параілі” зняць сваю кандыдатуру, каб на акрузе застаўся адзін кандыдат Спільнічэнка. Была інфармацыя, што Анікеенка адмаўляўся і збіраўся ісці "сам-па-сабе". Але відавочна, што тыя хто яго раней апекаваў, зараз прынялі іншае рашэнне. Улады паставілі на Спільнічнку, і каб не абцяжарваць сябе фальсіфікацыямі, дэпутата проста "папрасілі". Зразумела, сам Віктар Анікеенка наўрад ці прызнаецца, што дзейнічаў несамастойна.

Такім чынам, пачынаюцца "дэмакратычныя выбары" аднаго кандыдата.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства