Праваабаронца Раіса Міхайлоўская папрасіла палітычнага прытулку ў Канадзе
Сябра ліквідаванай праваабарончай арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву” Раіса Міхайлоўская папрасіла палітычнага прытулку ў Канадзе.
Раіса Міхайлоўская паехала ў Канаду па запрашэньні партнёрскай арганізацыі, але падзеі апошняга часу вымусілі яе папрасіць прытулку. У апошнія месяцы, па словах Алега Волчака, кіраўніка ліквідаванай “Прававой дапамогі насельніцтву”, яна атрымоўвала частыя тэлефанаваньні невядомых людзей з пагрозамі. Падчас парламенцкай выбарчай кампаніі Раіса Міхайлоўская, якая працавала ў камандзе кандыдата ў дэпутаты Алега Волчака, падверглася нападу. Апошні напад на яе быў зьдзейсьнены пасьля акцыі памяці Юрыя Захаранкі 6 траўня каля пад’езду ўласнага дому. Органы сьледзтва як у першы, так і у другі раз адмовіліся ўзбуджаць справы па фактах нападу на сп-ню Міхайлоўскую.
Раіса Міхайлоўская – прафесійны юрыст. Яна займалася прававой дапамогай малазабясьпечаным грамадзянам, працавала над выданьнямі, прысьвечанымі зьнікненьням вядомых палітычных дзячоў – асабліва шмат па зьнікненьні Юрыя Захаранкі, трагедыі на Нямізе і інш.
Падчас выбараў у мясцовыя Саветы Раіса Міхайлоўская была зьнятая ў апошнія дні да дня выбараў за тое, што заламінавала свае прдвыбарныя матэрыялы на час правядзеньня пікету (афіцыйная фармулёўка пазбаўленьня рэгістрацыі – перарасход выдзеленых на агітацыю сродкаў).