viasna on patreon

Мікола Статкевіч абвясьціў галадоўку пратэсту

2005 2005-05-26T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Працягваецца суд над старшынёй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), каардынатарам Еўрапейскай кааліцыі Міколам Статкевічам і адным з лідараў “Маладога Фронту” Паўлам Севярынцам. Іх абвінавачваюць у арганізацыі дэманстрацыяў 18 і 19 кастрычніка мінулага году супраць фальсыфікацыі вынікаў рэферэндуму і выбараў. Міколу Статкевіча дастаўляюць у суд пад аховай, бо судзьдзя Цэнтральнага раёну Леанід Ясіновіч арыштаваў яго на дзесяць сутак за непавагу да суду. Мікола Статкевіч абвясьціў галадоўку на знак пратэсту супраць зьневажальных умоваў утрыманьня пад вартай.

Палітык лічыць, што супрацоўнікі міліцыі і спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка адмыслова стварылі для яго невыносныя ўмовы існаваньня. Пасля вынясеньня прысуду яго доўгі час трымалі ў камэры, што ў дзяжурнай частцы міліцыі, а потым доўгі час вазілі ў так званым “аўтазаку” па менскіх вуліцах. Толькі ўначы Міколу Статкевіча прывезьлі ў спэцпрыёмнік на вуліцу Акрэсьціна:

“У камэры яшчэ пяць чалавек. Усе яны не адзін раз пабывалі ў калёніях, але людзі спакойныя. Сярод іх ёсьць адзін хворы на дызэнтэрыю. Майго досьведу афіцэра, які вазіў салдат з поўначы ў пустыню на стрэльбы, хапае, каб ведаць, што гэта за хвароба. Яго не шпіталізуюць, а чалавеку вельмі кепска. Ужо ўсе прыкметы абязводжваньня. Ён ляжыць пластом. У мяне такое ўражаньне, што жывога хворага чалавека выкарыстоўваюць як бактэрыялягічную зброю, каб аказаць уціск на мяне, каб пагрозай заражэньня прымусіць мяне зьмяніць свае паводзіны. Па-сутнасьці, у мяне ёсьць адзіны сродак спыніць гэты зьдзек з чалавека — абвясьціць галадоўку”, -- паведаміў Мікола Статкевіч “Радыё Свабода”.

На думку адного з лідараў “Маладога Фронту” Паўла Севярынца, паказаньні сьведкаў на судзе не паўплываюць належным чынам на фармулёўку прысуду.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька, якога 19 кастрычніка амонаўцы ў часе затрыманьня, даваў паказаньні ў якасьці сьведкі.

“Пракуратура высоўвае тыя абвінавачаньні, якіх не было ў прыродзе. Наколькі я ведаю, у справе няма ніводнага звароту ад менчукоў, якія жывуць на праспэкце Скарыны, на вуліцы Энгельса, што ім нехта перашкаджаў. Па-другое, перакрыцьцё вуліцы — поўны абсурд. Кожны дзень трапляю ў сытуацыю, калі не магу выехаць на праспэкт Скарыны толькі таму, што Аляксандар Лукашэнка ў гэты час выяжджае са сваёй рэзыдэнцыі. Але ж пракуратура не распачынае крымінальную справу з-за таго, што перакрыты дарожны рух на 5—10 хвілінаў”, -- кажа Лябедзька.

26 траўня ў судзе будуць глядзець відэаматэрыялы, падрыхтаваныя міліцыяй і спэцслужбамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства