viasna on patreon

Супрацоўнікі КДБ Брэста збілі моладзевага актывіста

2008 2008-09-10T08:55:18+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/jura-panasiuk01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сябра моладзевага крыла АГП з Брэста Юрый Панасюк звярнуўся да праваабаронцаў і паведаміў пра грубыя, незаконныя дзеянні спецслужб у дачыненні да яго, а таксама ўжыванні катаванняў. Усе гэтыя дзеянні здзяйсняліся нібыта ў сувязі з расследаваннем справы аб выбуху ў Менску.

Вось што распавёў Юрый Панасюк:

"7 верасня 2008 года да мяне дахаты па вул. Асіпенкі каля 8 раніцы прыехалі два аператыўных супрацоўнікі Ленінскага РАУС. Дома быў толькі бацька, я знаходзіўся на працы. Прадставіўшыся, яны спыталі бацьку, ці пражываю я па дадзеным адрасе. Бацька адказаў, што я пражываю са сваёй дзяўчынай па вул. Інтэрнацыянальнай і спытаў, на якой падставе яны мной цікавяцца. На што яму адказалі, што ў сувязі са выбухам у Менску ў ноч на 4 ліпеня г.г. Супрацоўнікі міліцыі з'ехалі, але на вул. Інтэрнацыянальную ніхто не прыязджаў.

У той жа дзень патэлефанавалі на мой мабільны тэлефон і паведамілі, што трэба сустрэцца. Я адказаў, што не магу, бо працую да самога вечары. Яны сказалі, што могуць зрабіць гэта самі. Дамовіліся сустрэцца 8 верасня.

Яны прыехалі падчас абедзеннага перапынку. Прадставіўшыся, сталі весці пратакол і дапытвацца, дзе і з кім я знаходзіўся 3 ліпеня ў момант выбуху ў Менску і з якімі з сяброў АГП я мог знаходзіцца або ведаю, хто з маіх калегаў мог у то час быць у сталіцы. На што я адказаў, што знаходзіўся ў Брэсце, але чым займаўся - не памятаю, бо з таго часу прайшло шмат дзён. Тады яны спыталі, на якім аўтамабілі я мог перасоўвацца. Я адказаў, што, можа быць, на бацькоўскім. Яны сталі дапытвацца, якая ў яго марка, колер, дзяржнумар і нават нумар рухавіка. Пасля чаго я падпісаў пратакол.

Праз паўгадзіны на мой мабільнік пайшлі дзіўныя званкі. Гаварылі, што турбуюць з КДБ, пыталі, ці я Юрый Панасюк? "З кім маю гонар гаварыць?" - у сваю чаргу спытаў я. На што атрымаў адказ: "Усё роўна" - "Раз усё роўна - значыць гутарка скончаная", - я выключыў тэлефон. Не прайшло і хвіліны, як зноў пайшоў выклік. Я спрабаваў вызначыць нумар тэлефона, але на дысплеі высвяцілася: "Няма нумара" Званкі раздаваліся і далей. Мне пагражалі: маўляў, ведай, з кім размаўляеш. На што я адказаў, што таму і не размаўляю, што не ведаю. І адключыў мабільнік.

Пасля 20.00 я выйшаў з працы, каб сесці на прыпынку "Завод" па вул. Маскоўскай. Не даходзячы да яго, да мяне нечакана падышлі трое ў цывільным. Хто яны былі, не сказалі, але ўдакладнілі маю асобу. Я задаў пытанне: "Прадстаўцеся, калі ласка, хто вы? Прад'явіце вашы дакументы".

На што пачуў: "Ты задаеш занадта шмат пытанняў. Садзіся ў машыну, там разбярэмся". Я не пагадзіўся і пайшоў да прыпынку. Адзін з іх схапіў мяне за руку і стаў цягнуць да машыны. Я пачаткаў клікаць на дапамогу мінакоў. Трое ў цывільным рэзка кінуліся да машыны. Ужо сцямнела, і яе нумар я не запомніў.

Я выйшаў на прыпынку "ЦУМ" і пайшоў на вул. Інтэрнацыянальную. Падыходзячы да хаты, убачыў у двары машыну, падобную на тую, што пад'язджала ледзь раней.

З яе насустрач мне вышлі тыя жа людзі ў цывільным. Без гутаркі адзін з іх нанёс мне ўдар у грудзі, а двое схапілі за рукі, сілком надзелі наручнікі і заштурхнулі на задняе сядзенне аўтамабіля. Сталі ўспамінаць маіх бацькоў: маўляў, пашкадуй іх і не лезь у палітыку. Пры гэтым той, што справа, дастаў цясак, стаў падносіць яго да мяне. Рукамі ў наручніках я спрабаваў яго адбіць і параніў на левым руцэ два пальца, адкуль пацякла кроў. Атрымаў удары ў галаву. Пасля чаго з мяне знялі наручнікі і выштурхнулі з машыны.

Лічу, што гэтая акцыя - нішто іншае, як запалохванне моладзевых актывістаў".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства