На Гомельшчыне выдадзены інфармацыйны бюлетэнь “Выбары”
Незалежны інфармацыйны бюлетэнь “Выбары” выдадзены ў Гомельскай вобласці. Асноўныя матэрыялы выпуску – аб тым, як праходзіла рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты. У выданні прыводзяцца таксама факты ўціску з боку ўладаў на людзей, якія ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі.
Бюлетэнь, надрукаваны на чатырох старонках фармату А4, распаўсюджваецца сярод насельніцтва. Чытачы даведваюцца аб тым, як на металургічным заводзе ў Жлобіне адміністрацыя прымусіла работніка Аляксандра Няберава адмовіцца ад збору подпісаў за дэмакратычнага кандыдата Валерыя Рыбчанку. Апублікавана інфармацыя пра ціск з боку ўлады на зборшчыка подпісаў у Рагачове, пра дзеянні падаткавай інспекцыі адносна прадпрыемства, на якім працуе апазіцыйны кандыдат у Рэчыцы.
Раней, с пачатку выбарчай кампаніі, тут былі выпушчаны інфармацыйныя бюлетэні “Выбары-2008” і “Выбаршчык”, якія друкаваліся на двух старонках фармату А3. Выданні асвятляюць падрыхтоўку да выбараў у Жлобінскай, Рагачоўскай, Рэчыцкай, Светлагорскай і Хойніцкай выбарчых акругах. Рагачоўская акруга ўключае ў сябе таксама Кармянскі раён, а Хойніцкая – Брагінскі і Лоеўскі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”