viasna on patreon

Віцебск: Справу капітана Левінава разглядае пракуратура і МУС

2008 2008-08-22T23:46:45+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

9 жніўня ў Цэнтральную камісію быў накіраваны зварот "Аб пераследзе Андрэя Левінава за намер вылучыць сваю кандыдатуру ў дэпутаты". У звароце ўказвалася, што, мяркуючы па разгорнутым шырокамаштабным ціску на капітана міліцыі Андрэя Левінава, далейшы ўдзел у выбарчай кампаніі яму прыйдзецца праводзіць ужо ў статуце былога супрацоўніка міліцыі. Таксама ў звароце ўтрымлівалася просьба прыняць неадкладныя меры па спыненні пераследу прэтэндэнта ў кандыдаты.

     Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў лісце (зых.№01-09/Л-92 ад 11.08.2008) паведаміла, што зварот перанакіраваны ў Генеральную пракуратуру і Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

     Пакуль хадзілі лісты, Андрэй Левінаў загадам начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама ад 12 жніўня быў звольнены з органаў унутраных спраў, аднак не зняўся з перадвыбарчай гонкі, і ва ўстаноўленыя выбарчым заканадаўствам тэрміны падаў неабходныя дакументы ў акруговую выбарчую камісію Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі №19 для рэгістрацыі кандыдатам.

     Начальнік аддзела Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь па наглядзе за выкананнем правоў і свабодаў грамадзян Шостак Г.А. у лісце (№0702/330-2008 ад 14.08.2008) паведаміў, што зварот накіраваны на разгляд пракурору Віцебскай вобласці і ўзяты на кантроль.

     З Міністэрства ўнутраных спраў ніякіх звестак не паступала. Аднак з Андрэя Левінава па фактах яго пераследу супрацоўнікам УСБ УУС Вітаблвыканкаму Таццянай Ярмоленкай 21 жніўня былі ўзятыя тлумачэнні.

Нагадаем, што ў адносінах да Андрэя Левінава памочнікам пракурора Чыгуначнага раёна г.Віцебску юрыстам 2 класа Аляксандрам Занько ў парадку артыкула 174 УПК Рэспублікі Беларусь праводзіцца праверка. Па выніках праверкі можа быць вынесена пастанова аб узбуджэнні крымінальнай справы, альбо адмоўлена ва ўзбуджэнні. З пракуратуры вобласці А.Занько паступіла каманда: праверку скончыць не пазней 26 жніўня.

Па інфармацыі, атрыманай з дакладнай крыніцы, паседжанне акруговай выбарчай камісіі Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі №19, на якім будзе вырашацца пытанне па Андрэю Левінаву, запланавана на 27 жніўня 2008 года.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства