viasna on patreon

Дашкевіч: Мы будзем узьдзейнічаць на ўладу юрыдычнымі мэханізмамі

2008 2008-08-07T13:59:46+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

“Малады Фронт” будзе дабівацца легалізацыі сваёй дзейнасьці выключна цывільным шляхам. Пра гэта БелПА заявіў старшыня арганізацыі Зьміцер Дашкевіч, камэнтуючы намер судзіцца зь Менскім гарвыканкамам, які адмаўляецца спрыяць маладафронтаўцам у магчымасьці правядзеньня ўстаноўчага зьезду найбуйнейшай апазыцыйнай моладзевай арганізацыі краіны на тэрыторыі беларускае сталіцы.

Сёлета ўзімку маладафронтаўцы спрабавалі правесьці рэгістрацыйны форум у прыватнай хаце непадалёк Менску, аднак дэлегаты з усёй краіны былі затрыманыя супрацоўнікамі праваахоўных органаў з надуманых прычынаў. Тады маладзёнаў нават спрабавалі абвінаваціць у спробе “калектыўнага самаспаленьня (?!). Чарговая спроба “Маладога Фронту” легалізаваць сваю дзейнасьць зноў сутыкаецца са штучнымі перашкодамі, стваранымі выканаўчай уладаю.

“Наш намер падаць у суд на Менгарвыканкам абумоўлены тым, што ўлада не прыкладае ніякіх намаганьняў, каб дапамагчы нам у рэгістрацыі “Маладога Фронту”, да чаго Менгарвыканкам абавязвае закон, - адзначае лідэр арганізацыі Зьміцер Дашкевіч. - Некалькі месяцаў таму мы падалі блізу трыццаці заявак у менскія памяшканьні на правядзеньне рэгістрацыйнага зьезду, адусюль нам прыйшлі адмовы альбо ўвогуле не прыйшлі адказы. Потым мы зьвярнуліся ў Менгарвыканкам з просьбаю альбо паспрыяць нам у знаходжаньні памяшканьня, альбо санкцыянаваць правядзеньне рэгістрацыйнага зьезду на Плошчы Кастуся Каліноўскага. Менгарвыканкам нам проста забараніў праводзіць рэгістрацыйны зьезд на Плошчы Каліноўскага, не прапануючы ніякіх альтэрнатыўных варыянтаў. Нам яшчэ прыгразілі: калі вы туды сунецеся, то будзеце “зачышчаныя”. Таму мы будзем і надалей спрабаваць выкарыстоўваць усе законныя магчымасьці, каб зарэгістраваць “Малады Фронт”, пазьбегнуўшы такім чынам хаця б крымінальнага перасьледу па артыкуле 193.1 Крымінальнага кодэксу”.

Паводле словаў Зьміцера Дашкевіча, ачоленая ім арганізацыя будзе цывілізаванымі мэтадамі дабівацца атрыманьня легальнага статусу на тэрыторыі Беларусі.

“Пакуль што мы будзем спрабаваць уздзейнічаць на ўладу юрыдычнымі мэханізмамі, - падкрэсьлівае старшыня МФ. - Безумоўна, мы зьяўляемся рэалістамі, і для нас відавочна, што ў краіне, дзе прэзыдэнт заяўляе, што мы, маўляў, не дапусьцім існаваньня “Маладога Фронту”, наўрад ці нас зарэгіструюць, тым ня менш, мы сваімі спробамі да законнай дзейнасьці дэманструем беларускаму грамадзтву, усім нармальным людзям, хто такая ўлада і якія яна робіць крокі, каб перасьледаваць іншадумства, і хто такія мы – зь меркаваньня ўлады, беззаконьнікі, якія самі не жадаюць рэгістравацца”.

Лідэр “Маладога Фронту” выказаў спадзяваньне, што правесьці ўстаноўчы зьезд арганізацыі атрымаецца яшчэ ў бягучым годзе. Будзе гэта да дня галасаваньня на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу альбо пасьля, пакуль застаецца пад пытаньнем і залежыць гэта зусім не ад маладафронтаўцаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства