Усе канцэрты фестывалю «Be Free» будуць бясплатнымі
У фестывалі "Be Free", які пройдзе ў Львове 9 і 10 жніўня, возьмуць удзел 26 гуртоў з Беларусі, Украіны, Польшчы і Францыі. Для гледачоў усе канцэрты будуць бясплатнымі. Для начлегу публікі ўлады Львова выдзяляюць месца пад намётавы гарадок.
Па словах аднаго з арганізатараў, журналісткі Марыі Садоўскай, праграма фестывалю ўжо складзена на 90 працэнтаў. Возьмуць удзел такія знакамітыя беларускія гурты, як "Крама", "НейраДзюбель", "Стары Ольса", "IQ-48", "ULIS" і іншыя. Акрамя таго, запрошаны спецыяльныя госці – "Тартак" (Украіна)", "T.Love" (Польшча).
"Свабода непарыўна звязана з маладзёжнай музыкай і культурай, – тлумачыць ідэю фестывалю, прадстаўляючы лэйбл BMAgroup, Віталь Супрановіч. - Моладзь сама выбірае, што, дзе і калі ёй слухаць, а музыканты павінны мець мажлівасць выступаць перад самай рознай публікай".
Слоган фестывалю гэтага года – "Be Free" ("Будзь вольны" - адлюстроўвае галоўную каштоўнасць мерапрыемства – яго адкрытасць і нефармальнасць.
Львоў выбраны месцам фестывалю невыпадкова: у гэты вядомы культурнай і гістарычнай спадчынай горад штогод прыязджаюць турысты з розных краін Еўропы. Важна, што для вандроўкі ва Украіну не патрэбна віза, а дарога Мінск–Львоў па кішэні нават студэнту.
"Я вельмі рады, што мне давядзецца выступаць менавіта ў Львове, – ухваляе выбар горада Зміцер Вайцюшкевіч. – Гэта адзін з маіх самых любімых украінскіх гарадоў. Думаю, з гэтага атрымаецца вельмі пазітыўная рэч. Фэст дасць магчымасць інтэграцыі ўкраінскай, польскай, беларускай музыкі, інтэграцыі музыкаў і слухачоў".