"Мы ўзялі ўсю адказнасць за будучыню краіны"
З-за сваёй актыўнай грамадскай пазіцыі Артур Фінкевіч правёў больш за два гады ў зняволенні, стаўшыся адным з рэпрэсаваных на сумленні сённяшняй улады.
Як прыйшоў у арганізацыю
Далучыўся Артур да "Маладога Фронту" яшчэ ў 2001 годзе, падчас кампаніі па выбарах прэзідэнта. Сустрэўшыся з маладафронтаўскім лідэрам Паўлам Севярынцам, вельмі ўразіўся яго прамовай і верай у будучыню Беларусі. Пасля гэтага адразу далучыўся да дзейнасці бяз якіх-небудзь сумневаў – знайшоў сябе ў працы арганізацыйнага аддзелу па вулічных акцыях і кампаніях. На пытанне: "Як зразумеў, што "МФ" – гэта тваё? ", Артур узгадвае 2001 год:
– Калі я прыйшоў, як і тысячы іншых людзей, на Кастрычніцкую плошчу пасля выбараў і пабачыў паразу, то зразумеў: старая апазіцыя да перамогі не здольная. Мяне ўключылі ў склад Управы, і я стаў займацца працай з рэгіёнамі, пасля ўжо стаў каардынаваць аддзел па масавых акцыях і арганізацыйных кампаніях.
А з 2003 па 2006 год Артур працаваў на сталічным Чэрвеньскім кірмашы, гандлюючы кавай і гарбатай. Напрыканцы 2005 году пад ціскам КДБ ён разам з іншымі маладафронтаўцамі, якія зараблялі сабе на жыццё такім чынам, быў вымушаны прыпыніць працу. Але і цяпер яго радыя бачыць і сёння сотні гандляроў, прадпрымальнікаў.
Турма і крымінальны пераслед
Першы раз Артур Фінкевіч патрапіў на суткі ў 2003 годзе – як толькі споўнілася 18 гадоў. Тады яго затрымалі за ўдзел у акцыі 14 лютага "Дзень Святога Валянціна" і кінулі ў вядомую Акрэсцінскую турму. Але гэта не спалохала маладога актывіста. Артур прымаў удзел і часам сам арганізоўваў шматлікія кампаніі па тэрыторыі краіны: "Беларусь у Еўропу! ", "Горад Наш", "Не ілжывым рэферэндумам", за якія атрымліваў чарговыя суткі ад беларускіх уладаў.
А напярэдадні выбараў прэзідэнта ў 2006 годзе быў затрыманы падчас нанясення графіці "Мы хочам новага! " і ўкратаваны ў СІЗА №1 па вуліцы Валадарскага. Супраць Фінкевіча ўзбудзлі крымінальную справу па факце нанясенняў надпісаў на жылыя і адміністрацыйныя дамы, плыты, прыпынкі. Яму пагражала ад 7 да 10 гадоў зняволення. Але суд прыняў да ўвагі толькі тыя графіці, на месцах якіх Артур і быў затрыманы, таму прызначыў два гады папраўчых работ так званай "хіміі".
З таго часу сачыць за жыццём Артура больш сур’ёзна ўзяліся структуры спецслужбаў, якія кантралявалі ўсё, што звязана з ім. Напрыканцы 2007 году ўзбуджаная новая крымінальная справа па факце парушэння правілаў адбыцця пакарання.
Суд, які адбыўся напрыканцы 2007 году, вынес Артуру Фінкевічу 1,5 гады зняволення.
Але ўжо ў лютым 2008 году палітвязень быў на свабодзе, што сталася вынікам доўгіх перамоваў беларускай улады з кіраўніцтвам ЗША. З гэтага часу Артур Фінкевіч яшчэ больш умацаваўся ў веры ў перамогу – духоўна і маральна. Яго імя некалькі разоў называў міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, добра ведаюць Артура і іншыя прадстаўнікі дзя-ржаўных структур. Ведаюць, бо вымушаны далей змагацца з ім і тымі, хто стаіць і стане ў бліжэйшай перспектыве разам у адзіны фронт.
За час свайго турэмнага зняволення Артура падтрымлівалі не толькі сябры "Маладога Фронту", але і актывісты з іншых дэмакратычна-арыентаваных арганізацый, партый, незалежных прафсаюзаў, пісьменнікі, А.Мілінкевіч, праваабарончыя арганізацыі. Словы падтрымкі і асуджэнне беларускага рэжыму гучалі з высокіх трыбун ЕС і ЗША. Штомесяц праходзілі акцыі салідарнасці як у Беларусі, так і з дапамогай беларускіх дыяспар, далёка за межамі нашай краіны. З турэмнага жыцця яму больш запамяталася тамтэйшая атмасфера:
– Уразіла, што за два гады пакарання я не сустрэў аніводнага чалавека, які б падтрымліваў дзеючага кіраўніка дзяржавы. Яшчэ запомнілася перапоўненасць нашых следчых ізалятараў (СІЗА), здаралася, што нават падследчыя людзі спалі на па-длозе. Цікава, навошта трымаць ча-лавека ў СІЗА, калі яго віна яшчэ не даказаная і калі для яго няма месца, прасцей бы было выпусціць чалавека пад падпіску аб нявыяздзе, чым так катаваць.
Пра асабістае жыццё
– Мне зараз 23. Калі я пачну сур’ёзна сустракацца з дзяўчынай, дык гэта дарога ў ЗАГС. А ў мяне зараз шмат часу сыходзіць на палітыку.
Свой кожны дзень Артур пачынае з вялікага кубку кавы і тэлефанавання супрацоўнікам прэс-службы "Маладога Фронту", – каб даведацца пэўную інфармацыі і даць неабходныя парады. Штомесяц да Артура прыходзяць разнастайныя запрашэнні да ўдзелу ў міжнародных канферэнцыях і круглых сталах. Самыя важныя з іх у апошні час не абыходзяцца без удзелу прадстаўнікоў "МФ.
Тры правакацыйныя пытанні
– Ці праўда, што "Малады Фронт" па ініцыятыве Змітра Дашкевіча (кіраўніка арганізацыі) неафіцыйна прыняў да дзейнасці канцэпцыю папулярызацыі "рэлігійнай дыктатуры" замест прынцыпаў прыярытэту нацыянальнай дзяржавы, свабоды, дэмакратыі?
– Гэта толькі чуткі і абсалютная няпраўда. У нас у арганізацыі мір і супакой, віруе толькі праца. Рэлігійнасць у нашых шэрагах ніхто не навязвае і за руку ў царкву не вядзе.
– Чаму месяц таму з Управы "Маладога Фронту" – кіруючага органу арганізацыі сышлі даволі значныя актывісты – Хведарук, Сяргееў, Янушэўскі і некаторыя іншыя асобы?
– Іх ніхто не выключаў, гэта іх рашэнне. Галоўнае, яны застаюцца ў структуры арганізацыі і працягваюць нешта рабіць. Калі некаторыя асобы ня здольныя спраўляцца з абавязкамі, навошта ім адказныя пасады?..
– Большая частка апазіцыі рыхтуецца да ўдзелу ў кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Вашая арганізацыя – адна з нешматлікіх, якія заявілі пра байкот выбараў. Чаму?
– Таму што выбары можна назваць ужо зараз недэмакратычнымі, пра гэта могуць засведчыць абсалютна ўсе ўдзельнікі грамадскага жыцця. Дзеючы рэжым у дадзенай сітуацыі не толькі не ідзе на лібералізацыю і перамовы з прадстаўнікамі дэмакратычнага руху, а ўсё больш закручвае гайкі. Выбары самі па сабе мусяць быць дыялогам улады з грамадствам. Зараз ён немагчымы.
Сэнсу прымаць удзел у гэтых выбарах я не бачу, апроч таго, па дадзеных НІСЭПД за сакавік 2008 году, 52 адсотка апытаных лічаць, што выбары ў РБ фальсіфікуюцца. А траціна выбаршчыкаў, як у любой дэмакратычнай краіне, увогуле не ходзіць на галасаванне. Калі мы здолеем правесці ўдалую кампанію байкоту, то аб’яднаем гэтую траціну і дэмакратычна настроены электарат.