Алеся Краўчэню выключылі з БарДУ
14 ліпеня Алесь Краўчэня забраў дакументы з Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэту. Тыдзень таму быў падпісаны загад аб адлічэнні студэнта 4 курса інжынернага факультэта.
25 сакавіка 2008 года Алесь быў арыштаваны ў Баранавічах за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці, прысвечаным 90-м угодкам абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля затрымання і адбывання “сутак”, і адміністрацыйнага суда, на якім Алесь атрымаў штраф 350 тыс. руб., дэкан інжынернага факультэта Аляксандр Акулаў папярэдзіў аб тым, што студэнт будзе мець праблемы пры здачы летняй экзаменацыйнай сэсіі.
Другой падставай адлічэння, магчыма, стала вельмі крытычнае інтэрв’ю Алеся Краўчэні аб маладзёвых і грамадскіх праблемах горада, краіны, а таксама аб дзейнасці БРСМ для мясцовай газеты “Intex-Press”.
Як стала вядома, асобай адлічанага студэнта адразу зацікавіўся ваенны камісарыят горада Баранавічы. 11 ліпеня на хатні адрас Краўчэні прыйшоў прадстаўнік ваенкамата і пад роспіс уручыў позву на 15 ліпеня 2008 на медычную камісію.
Такім чынам, Алесь Краўчэня, магчыма, “паедзе” да Зміцера Жалезнічэнкі, бо анкету ў ваенкамаце запоўніў па-беларуску.