Актывісты АГП асуджаныя за брыдкаслоўе
Судзьдзя Цэнтральнага райсуду сталіцы Тацьцяна Паўлючук прызнала актывістаў АГП віноўнымі ў парушэньні арт. 17.1 КаАП - дробнае хуліганства" і вынесла пакараньне ў выглядзе адміністратыўнага арышту Кірылу Паўлоўскаму тэрмінам на 10 сутак, Міхасю Пашкевічу і Віталю Стажараву – па 15 сутак.
Яны былі затрыманыя раніцай пасьля таго, як хацелі даведацца ў КДБ пра лёс свайго паплечніка Аляксандра Сяргіенкі. Супрацоўнікі міліцыі даставілі актывістаў АГП у Цэнтральны РУУС, дзе склалі пратаколы за нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы.
Варта адзначыць, што ўсе трое актыўныя ўдзельнікі выбарчай кампаніі: намесьнік старшыні "Маладых дэмакратаў" Міхась Пашкевіч зьяўляецца кіраўніком выбарчага штабу Аляксандра Дабравольскага і вылучаны палітрадай у Цэнтральную выбарчую камісію ў якасьці назіральніка, Віталь Стажараў - кіраўнік менскай гарадзкой арганізацыі "Маладыя дэмакраты", а Кірыл Паўлоўскі - кіраўнік “Маладых дэмакратаў” Цэнтральнага раёна сталіцы.