Падаткавікі ня могуць супакоіцца
Адразу пасьля завяршэньня прэс-канферэнцыі, прысьвечанай ціску ўладаў і арыштам грамадзка-палітычных актывістаў у выніку правядзеньня сьледзства па крымінальнай справе аб выбуху ў Менску 4 ліпеня, у кватэру да юрыста і праваабаронцы Валянціна Стэфановіча пазваніў прадстаўнік Камітэту фінансавых расьследваньняў па Менску і Менскай вобласьці Бобін Ю.К., каб уручыць яму позву. Паколькі самога Стэфановіча не было дома, жонка праваабаронцы дзьверы не адчыніла.
З тэлефоннай размовы з прадстаўніком камітэту Валянцін Стэфановіч высьветліў, што ад яго патрабуюць прадставіць дэкларацыю аб прыбытках за мінулы год, але такую дэкларацыю праваабаронца і ягоныя сваякі ўжо здалі ў раённую падаткавую інсьпекцыю. Тым ня менш, у выніку гутаркі дамовіліся, што позву Валянцін Стэфановіч атрымае ў панядзелак і прадставіць Камітэту фінансавых расьследваньняў копію запоўненай дэкларацыі.
Такім чынам, улады не спыняюць ціск на праваабаронцаў праз падатковыя інспекцыі. Нагадаем, што патрабаваньне прадставіць дэкларацыі аб прыбытках атрымалі практычна ўсе беларускія правабаронцы і чальцы іхных сем'яў. Учора, 10 ліпеня, прайшла нарада па актуальных пытаньнях правядзеньня парламенцкіх выбараў з удзелам прэзідэнта, на якой Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Любы апазіцыянер павінен адказаць народу на адно пытаньне: дзе ён працуе".