АДС вылучылі 76 кандыдатаў у склад акруговых выбарчых камісій
Па стане на 1 ліпеня суб'екты Аб'яднаных дэмакратычных сіл вылучылі 76 кандыдатаў у склад акруговых выбарчых камісій.
Паводле звестак інфармацыйнага цэнтра АДС, сходы кіруючых органаў па вылучэнні сваіх прадстаўнікоў у акруговыя камісіі правялі тры палітычныя структуры — Аб'яднаная грамадзянская партыя, Партыя камуністаў Беларуская і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Больш за ўсё прадстаўнікоў заявіла АГП — 45, за ёю ідуць ПКБ — 17 і БСДП (Грамада) — 14.
Астатнія суб'екты АДС вызначаць кандыдатаў на ўключэнне ў склады акруговых выбарчых камісій не пазней за 11 ліпеня.
АДС нагадвае таксама, што ўключэнне або неўключэнне ў склад акруговых выбарчых камісій кандыдатур з адзінага спісу дэмакратычнай кааліцыі будзе адной з умой прызнання або непрызнання парламенцкіх выбараў міжнароднай супольнасцю.
Выбары прызначаны на 28 верасня 2008 года. Трэба будзе выбраць 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.