Аляксандр Мех звольнены з працы за тое, што ён у сьпісе 110-ці кандыдатаў ад АДС
Сябра Партыі БНФ, кіраўнік Кобрынскай арганізацыі Партыі БНФ Аляксандр Мех, які зьяўляецца адзіным кандыдатам у сьпісе АДС, звольнены з працы на АТТ "Белтрансгаз".
3 чэрвеня яму папярэдне было паведамлена пра магчымае звальненьне. А 4 чэрвеня ў Аляксандра Меха адбылася гутарка з кіраўніком ААТ "Белтрансгаза" Ўладзімерам Галашкам і супрацоўнікам кобрынскага КДБ Андрэем Басько. Тады спадару Меху было паведамлена, што, калі ён не адмовіцца ад удзелу ў выбарах, яго звольняць з працы.
"Я сказаў, што здымаць сваю кандыдатуру ня буду, - кажа Аляксандр Мех, - але дзейнічаць зьбіраюся толькі ў межах закону".
Сёньня, 30 чэрвеня, скончыўся кантракт спадара Меха з ААТ "Белтрансгаз". Ён атрымаў працоўную кнігу, а таксама загад аб звальненьні.
Іншыя супрацоўнікі ААТ "Белтрансгазу" праявілі салідарнасьць з Аляксандрам Мехам. Зварот з подпісамі сябраў яго брыгады быў адпраўлены да кіраўніка прадпрыемства. У звароце - настойлівая просьба пакінуць спадара Меха, які ўжо прапрацаваў на ААТ "Белтрансгаз" 14 гадоў, працаваць там далей.
"Ад удзелу ў выбарах я не адмоўлюся, - кажа Аляксандр Мех, - буду працягваць сваю кампанію. А звальненьне сваё зьвязваю менавіта з выбарамі і маім у іх удзеле".