Гомель: Збор подпісаў выбаршчыкаў як дадатковы аргумент за ўключэньне ў акруговыя камісіі
3 ліпеня ў Гомелі стартуе кампанія па зборы подпісаў за вылучэньне прадстаўнікоў АДС у склад акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ чацьвёртага скліканьня.
У дадзены момант усе прадстаўнікі таксама вылучаныя партыйнымі органамі АГП і ПКБ у склад дадзеных камісій. Кандыдаты разглядаюць збор подпісаў як дадатковы аргумент за ўключэньне іх у камісіі і як спосаб працы з выбаршчыкамі. Кандыдаты па 33, 34, 35 акругах плануюць сабраць больш за 100 неабходных па заканадаўству подпісаў - каля 400.
Кіраўнік штабу АДС па выбарчай акрузе № 34 Васіль Палякоў кажа, што такі этап збору подпісаў, як правіла, праходзіць лёгка і без умяшальніцтваў з боку органаў. "Заканадаўства не прадугледжвае рэгістрацыі ініцыятыўных групаў кандыдатаў у акруговыя камісіі, ды і колькасьць подпісаў не такая вялікая, каб задзейнічаць шмат людзей. Думаю, за 2-3 дні мы зьбярэм патрэбную колькасьць і на наступным тыдні ўжо падрыхтуем дакументы аб вылучэньні для органаў, фармуючых камісіі", - адзначыў Палякоў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”