Парламенцкія выбары. Падзеі і абагульненьні
24 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 344 "Аб прызначэньні выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацьвёртага скліканьня". Паводле гэтага дакумента парламенцкія выбары ў краіне пройдуць 28 верасьня.
Беларускія праваабаронцы абвясьцілі пра намер праводзіць маніторынг маючых адбыцца выбараў, і будуць кожны тыдзень абагульняць падзеі, звязаныя з выбарчай кампаніяй.
Старшыня ЦВК заяўляе пра зьмену палітычнага тону кампаніі
25 чэрвеня старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына выказала меркаванне, што сёлетняя парламенцкая выбарчая кампанія будзе мець больш адкрыты характар у параўнаньні з папярэдняй. Ярмошына адзначыла, што няглядзячы на адсутнасьць канцэптуальных зьменаў у заканадаўстве, могуць адбыцца зьмены ў палітычным тоне кампаніі. Гэта значыць, што палітычныя партыі, якія прытрымліваюцца розных пазіцыяў, змогуць прыняць у ёй больш актыўны ўдзел. Старшыня ЦВК лічыць, што ў гэтай парламенцкай кампаніі прадстаўнікоў палітычных партый будзе больш як у складах выбарчых камісій, так і сярод тых, хто балатуецца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Алегу Гулаку, які прысутнічаў на паседжаньні ЦВК, спадабалася яго даволі спакойная атмасфэра. Па ягоных словах, “камісія дэманстравала нейкае пацяпленьне”. Спадар Гулак зьвярнуўся да ЦВК з просьбай атрымаць усе пастановы цэнтральнай камісіі, паколькі ня ўсе гэтыя дакумэнты зьяўляюцца на афіцыйным сайце: “Мы разьлічваем усё гэта атрымаць. І гэта будзе першым крокам у тым, наколькі адкрытай можа быць гэтая выбарчая кампанія”.
Стратэгія ўдзелу ў выбарах АДС
25 чэрвеня на адмысловай прэс-канферэнцыі АДС прадставіла сваю стратэгію ўдзелу ў выбарах у Палату прадстаўнікоў. Кіраўнікі Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі ды Партыі камуністаў беларускай заявілі, што возьмуць ўдзел ва ўсіх этапах выбарчай кампаніі, але зьнімуць кандыдатаў за дзень да галасаваньня, калі прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў не дапусьцяць да падлікаў галасоў.
Зьмены межаў выбарчых акругаў
У Магілёўскай вобласці тэрыторыі некаторых выбарчых акруг зменены больш чым на 50 працэнтаў. Самыя вялікія змены закранулі Крычаўскую і Быхаўскую выбарчыя акругі. Былая Касцюковіцкая выбарчая акруга была цалкам падзелена паміж суседнімі. Новай асобнай выбарчай акругай была вылучана Асіповіцкая выбарчая акруга.
Адрозненні ў колькасьці выбаршчыкаў паміж самай вялікай Магілёўскай-Ленінскай выбарчай акругай №84 і самай маленькай Бабруйскай-Ленінскай выбарчай акругай №78 складаюць 14,5%.
Праваабаронцы пад шчыльным кантролем падатковых органаў. Кампанія дзяржаўных СМІ па дыскрэдытацыі
Пасьля абвяшчэння правабаронцамі намеру праводзіць маніторынг парламенцкіх выбараў, пачалася іх актыўная дыскрэдытацыя з боку дзяржаўных СМІ (сюжэт на "Першым канале" Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі). Адначасова пачалася дэталёвая праверка падатковай гісторыі праваабаронцаў. Толькі за два тыдні загады Міністэрства па падатках і зборах аб неабходнасьці падаць дэкларацыі аб прыбытках і маёмасьці атрымалі старшыня БХК Алег Гулак, першы старшыня арганізацыі Тацяна Процька, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі Правоў Чалавека Алесь Бяляцкі, супрацоўнік БХК Зьміцер Маркушэўскі, праваабаронца Валянцін Стэфановіч і чальцы іх сем’яў.
Звальненьне за намер балатавацца ў дэпутаты
Кіраўнік кобрынскай суполкі Партыі БНФ, актывіст Руху “За Свабоду” Аляксандр Мех, які зьбіраецца балатавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Кобрынскай выбарчай акрузе, быў звольнены з пасады інжынера Упраўлення магістральных газаправодаў ТАА “Белтрансгаз”.
4 чэрвеня Алеся выклікалі ў кабінет дырэктара прадпрыемства. Там адбылася гутарка з начальнікам прадпрыемства Уладзімірам Галашка і кіраўніком мясцовага КДБ Андрэем Басько. Актывіста наўпрост папярэдзілі: “Калі пойдзеш на выбары, будзеш звольнены”.
Алесь Мех сумленна працуе на прадпрыемстве 14 год. Ягоныя калегі і непасрэдны начальнік звярталіся да кіраўніцтва як мясцовага, так і галаўнога прадпрыемства, з просьбай перагледзець рашэнне аб звальненні Меха. Тым не менш, 30 чэрвеня яго азнаёмілі з загадам аб звальненні (з ім папросту не працягнулі кантракт) і выдалі на рукі працоўную кніжку.
Арыштаваны назіральнік у Цэнтральнай камісіі ад АГП
28 чэрвеня адбылася палітрада АГП, на якой быў дэлегаваны назіральнікам у Цэнтральную выбарчую камісію сябра палітрады Міхаіл Пашкевіч. Пасьля паседжаньня Пашкевіч (асуджаны раней да 2 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў спецкамендатуру за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў) накіраваўся на чыгуначны вакзал, дзе ў яго была прызначаная сустрэча, і там быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.
30 чэрвеня суддзя Рыта Шаграй з суда Кастрычніцкага раёна Менску вынесла рашэньне аб арышце М. Пашкевіча на сем сутак па абсурдным, але традыцыйным для палітычных і грамадскіх актывістаў абвінавачваньні ў дробным хуліганстве.
Рэпрэсіі супраць удзельнікаў маніторынгу выбараў
26 чэрвеня супрацоўнікамі міліцыі і КДБ каля офісу БХК, дзе мела адбыцца нарада па маніторынгу за выбарамі, быў затрыманы сябар Беларускага Хэльсінскага камітэта, адзін з удзельнікаў маніторынгу за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Эдуард Баланчук. На Эдуарда Баланчука былі складзены 2 пратаколы: непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ім службовых паўнамоцтваў (арт 23.4 КаАП) і дробнае хуліганства (арт 17.1 КаАП). Справа разглядалася у судзе Маскоўскага раёну Менска суддзём Харкевічам. Суд, прыняўшы да ўвагі паказаньні сьведкаў з боку прадстаўнікоў праваахоўных органаў і праігнараваўшы паказаньні сьведкаў з боку абвінавачваемага прызнаў Эдуарда Баланчука вінаватым і пакараў 10 суткамі арышту і грашовым штрафам у памеры 1 мільён 50 тысяч рублёў.
Выбарчая кампанія ў Беларусі пад увагай міжнароднай супольнасці
21-22 чэрвеня ў г. Уроцлаве прайшла дыскусія “Пра перспектывы культуры і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі”, прысьвечаная будучым парламэнцкім выбарам і далейшай палітыцы Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі.
Адзін з ўдзельнікаў дыскусіі, старшыня Дэлегацыі Еўрапейскага парламенту па адносінах з Рэспублікай Беларусь Яцак Пратасевіч, адзначыў: “Вельмі цяжка цяпер будаваць доўгатэрміновую палітыку адносна Беларусі, варта пачакаць вынікаў выбараў. Адзінае, чаго мы можам патрабаваць сёньня, гэта свабодныя выбары”.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"