Праваабаронца Алесь Бяляцкі правёў перамовы з старшынём дэлегацыі Еўрапарламенту па стасунках з Беларусьсю Яцэкам Пратасевічам
Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, старшыня зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі 23 чэрвеня знаходзіўся з візітам ў Брусэлі.
Вядомы беларускі праваабаронца сустракаўся са старшынём дэлегацыі Еўрапарламенту па стасунках з Рэспублікай Беларусь спадаром Яцэкам Пратасевічам, з прадстаўніцтвамі ў Еўразьвязе такіх краін як Фінляндыя, Нямеччына, Венгрыя, Францыя. Трэба дадаць, што неўзабаве Францыя ачоліць Раду краінаў Еўразьвязу на бліжэйшыя паўгады.
Пад час гэтых сустрэчаў абмяркоўвалася сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, магчымыя крокі Еўразьвязу па нарамалізацыі стасункаў з Беларусьсю і шэраг абавязковых умоваў для гэтай нармалізацыі. Абмяркоўваўся ход выкананьня праграмаў Еўразвязу, накіраваных на падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, а таксама праблема кошту візаў і спрашчэньня працэдуры іх атрыманьня для беларускіх грамадзян.
Усе ўдзельнікі дыскусіі адназначна падкрэсьлілі, што пытаньне вызваленьня палітзьняволеных у Беларусі, а таксама празрыстасьці і дэмакратычнасці выбарчай кампаніі ў парламент, якая адбудзецца восеньню 2008 году, з’яўляюцца абавязковымі ўмовамі для пачатку перагаворнага працэсу, які можа даць рэальныя эканамічныя выгоды для Беларусі.
Заўтра візіт будзе працягнуты. Плануюцца сустрэчы з дырэктарам па правах чалавека Еўракамісіі Веранікай Арно, прадстаўніком Рады Еўразьвязу Вікторыяй Ловенберг, дырэктаркай бюро Беларусі, Украіны, Малдовы Хільдам Хардэман, а таксама з прадстаўніком Еўракамісіі, які адказвае за палітыку добрасуседства у рэгіёне спадаром Стывам Булакам. Таксама ў рамках візіту плануецца сустрэча з вядучымі сродкамі масавай інфармацыі Бельгіі.