Выстава “Мастацтва супраць дыктатуры” у эстонскім парлямэнце
11 чэрвеня ў эстонскім парлямэнце адкрылася выстава беларускіх мастакоў «Мастацтва супраць дыктатуры». Аўтары выставы – гэта ня толькі такія вядомыя беларускія мастакі, як Алесь Марачкін і Алесь Шатэрнік, якія сыстэмна перасьледуюцца беларускімі ўладамі за свае перакананьні, і чые працы знаходзяцца і ў Трэцьцякоўцы, і ў Белым доме. Гэта і маладыя мастакі, якія таксама думаюць інакш, чым навязвае ім існуючы ў Беларусі рэжым, якія б жадалі ня толькі волі творчасьці, але і волі жыцьця ў сваёй краіне.
У выставе прымаюць удзел працы беларускіх мастакоў Алеся Шатэрніка, Алеся Марачкіна, Юрыя Платонава, Янкі Рамановіча і Юліі Шатэрнік. Усе яны зьяўляюцца ўдзельнікамі творчай групы "Пагоня", якая вядомая сваёй прыхільнасьцю ідэям дэмакратыі і нацыянальнага адраджэньня Беларусі, за што яе вельмі ня любяць беларускія ўлады.
Выстава задуманая для прадстаўленьня альтэрнатыўнай Беларусі, краіны з глыбокімі гістарычнымі традыцыямі і эўрапейскай культурай, з творчай элітай, якая не гатовая пагаджацца з існуючым у краіне парадкам рэчаў. Той Беларусі якая заўсёды была часткай эўрапейскай культурнай прасторы.
Выставу адкрыла віцэ-сьпікер эстонскага парлямэнту спадарыня Крысьціна Оюланд, якая выказала ўдзячнасьць і падтрымку беларускім дзеячам мастацтва за тое, што яны робяць для захаваньня нацыянальнай культуры Беларусі. У адкрыцьці прынялі ўдзел вядомыя дзеячы культуры Алесь Шатэрнік і палітык Зянон Пазьняк. На адкрыцьцё прыйшлі эстонскія парлямэнтарыі, грамадзкія дзеячы і журналісты.
Выстава арганізаваная эстонскай грамадзкай арганізацыяй «Valgevene uus tee» у партнэрстве з супольнасьцю «Трэці Шлях» і Беларускім Музеем у Нью-Ёрку пры падтрымцы эстонскага парлямэнту і фонду «АдкрытаяЭстонія».