У Брэсце адбыўся пікет супраць адмены дзіцячых ільготаў
Каля трыццаці актывістаў брэсцкай апазіцыі правялі 1 чэрвеня пікет, прымеркаваны да Міжнароднага дня абароны дзяцей.
Пікет быў арганізаваны мясцовай кааліцыяй аб'яднаных дэмсіл (АДС) і праходзіў з 16.00 да 17.00 на брэсцкім стадыёне "Лакаматыў". Яго мэтай было прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы адмены ільготаў для дзяцей, якія згубілі сілу пасля прыняцця ў 2007 годзе закона "Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян". У рамках акцыі быў усталяваны тэматычны інфармацыйны стэнд, на якім можна было азнаёміцца з праблемай.
Як лічыць старшыня абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі, "пікет выканаў сваю задачу". Разам з тым у інтэрв'ю БелаПАН ён адзначыў, што акцыя мела б значна большы грамадскі рэзананс, калі б праводзілася ў людным месцы, а не ў сектары прыватных забудоў, дзе яна была дазволена гарвыканкамам.
Па словах І. Маслоўскага, пікет з'яўляецца часткай праграмы абласной кааліцыі АДС па абароне сацыяльных правоў грамадзян, рэалізацыя якой будзе працягнутая.