viasna on patreon

У Вярхоўным судзе не задаволілі скаргу ГА "БНФ "Адраджэньне" на Міністэрства юстыцыі

2008 2008-05-30T15:18:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

30 траўня ў Вярхоўным судзе Беларусі было вынесенае рашэньне па скарзе грамадзкага аб’яднаньня “БНФ “Адраджэньне” на Міністэрства юстыцыі. Скарга Вярхоўным судом не задаволеная.

Міністэрства юстыцыі яшчэ ў красавіку вынесла пісьмовае папярэджаньне грамадзкаму аб’яднаньню “БНФ “Адраджэньне” ў зьвязку з тым, што яе гарадзенская абласная структура ня мае юрыдычнага адрасу. Прадстаўнікі аб'яднаньня цьвердзяць, што гэтае папярэджаньне было неабгрунтаваным. Гаворыць сябра сойму БНФ Юры Чавусаў:

“Дзякуючы намаганьням лідзкай арганізацыі гарадзенская абласная арганізацыя атрымала юрыдычны адрас. І ў Мін’юст паведамлялася, што ўсё зроблена, дакумэнты перадаюцца. Але чамусьці яны перададзеныя не былі. У тых варунках, у якіх мы працуем, гэтага трэба было чакаць. Сытуацыя стандартная. На мой погляд, патрабаваньні занадта строгія – забарона рэгістравацца на кватэрах. Ранейшы юрыдычны адрас быў на кватэры, і патрабавалі памяняць на адміністрацыйны”.

Падчас разгляду скаргі 28 траўня высьветлілася, што прадмет спрэчкі ўжо ліквідаваны: 16 траўня ўпраўленьне юстыцыі зьняло з уліку гарадзенскую абласную арганізацыю, фактычна яе ліквідавала. “Яны не дачакаліся выніку разгляду справы ў судзе. Але мы ўсе ведаем, якія рашэньні прымае суд”.

Адказны сакратар Управы Партыі БНФ, юрыст Уладзімер Лабковіч заявіў:

“Папярэджаньне Міністэрства юстыцыі насамрэч перасьледуе выключна палітычныя мэты. Скіравана на тое, каб яшчэ больш абмежаваць магчымасьці грамадзкім аб'яднаньням, палітычным партыям у іх дзейнасьці напярэдадні парлямэнцкіх выбараў. Ліквідацыя структураў абласнога ўзроўню цягне за сабой пэўныя абмежаваньні па вылучэньні прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі і па назіраньні. Таму гэта працяг той зачысткі, якая праводзілася напярэдадні мінулых парлямэнцкіх выбараў, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. На жаль, Міністэрства юстыцыі ператварылася выключна ў карны орган”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства